Паселішча ўпершыню ўзгадваецца ў крыніцах у 1495 годзе. Гістарычна паселішча насіла назву Апольскі Ключ, належала спачатку роду Копцаў, затым-князям Палубінскім. У пачатку XVIII стагоддзя перайшло ва ўласнасць гетмана Вялікага літоўскага Міхаіла Сервація Вішнявецкага. Вішнявецкі пабудаваў у Опалі каменны сядзібны дом. У 1722 годзе яго дачка і спадчынніца Ганна Вішнявецкая выйшла замуж за ваяводу Троцкага Юзэфа Агінскага, такім чынам Опаль перайшоў да роду Агінскіх.

   Наступным уладальнікам маёнтка быў сын Юзэфа і Ганны, вядомы дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага Міхаіл Казімір Агінскі, які ініцыяваў правядзенне ў навакольных тарфяніках вялікіх меліярацыйных работ. У рэшце рэшт з-за вялікіх даўгоў ён быў вымушаны прадаць маёнтак.

   Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) у складзе Расійскай імперыі, з 1801 года Опаль належыў Гродзенскай губерні.

   У 1796 годзе ў паселішчы пабудавана драўляная ўніяцкая царква Св. Параскевы, пазней перададзеная праваслаўным.

   У 1-й палавіне XVIII ст. Опаль належаў князю Міхалу Сервацы Вішнявецкаму (1680—1744), канцлеру вялікаму літоўскаму. Пры яго жыцці тут быў пабудаваны цагляны замак, які служыў летняй рэзідэнцыяй. У пачатку XIX ст. замак згарэў, захаваўся толькі парк з цудоўнымі алеямі, дзе дрэвы былі пасаджаны ў форме літары «XV», з процілеглага боку - у форме літары «М» (ініцыялы яго заснавальніка Міхаіла Вішнявецкага).

   Расходы на будаўніцтва канала, які злучыў Ясельду з Прыпяццю і Шчарай, і ўтрыманне фабрыкі ў Целяханах і інш. прывялі да таго, што ў канцы XVIII ст. маёнтак прадалі. Яго набыў Бажэнцкі з роду Пулко. Яго ўнучка Тэрэза ў сярэдзіне XIXст. выйшла замуж за магната Ігнація Яленскага, якому належалі землі на Случчыне, Мазыршчыне, Бабруйшчыне, у Віленскім і Рэчыцкім краях. Пасля яго смерці спадчына перайшла да яго адзінага сына Юзафа (1868-1922).

   Пасля пажару ад маёнтка засталіся толькі 2 флігелі, адзін з якіх быў пераабсталяваны пад жылы дом, дзе жылі Бажэнцкія, а потым Яленскія. Да флігеля былі зроблены прыбудовы, вялікая, акружаная парэнчамі тэраса. Дом меў прыхожую залу, гасціную, рабочы кабінет, спальні, буфет і інш. Усе пакоі былі абклеены шпалерамі. Дубовы паркет быў пакладзены «елачкай», у вялікай і малой залах -- квадратамі з зоркамі ўнутры. У вялікіх пакоях печы былі абліцаваны белай кафляй, у залах - белай з залатым выпуклым арнаментам. Мэбля была з чорнага дрэва ў стылі бідэрмеер, абабіта аксамітам. Ложкі ў спальні былі з чырвонага дрэва, у згалоўі мелі форму медальёна. Спальню дэкарыраваў габелен (памер 160x80 см) з выявай Божай Маці, якая сядзіць на троне з дзіцем на руках. Габелен быў акаймаваны цясьмой з металічнымі залатымі ніткамі.

   У сталовай знаходзіліся вялікі авальны стол з цёмнага дрэва з точанымі ножкамі і плеценыя крэслы. У буфетах стаялі карэйскі фарфор, сярэбраныя сталовыя сервізы на 24 персоны. Абрусы былі выраблены з галандскага палатна і мелі сямейны герб.

   У вялікай зале віселі 3 партрэты сям'і Бажэнцкіх, выкананыя алейнымі фарбамі. На адным з іх выява прыгожай маладой жанчыны з мудрагелістай прычоскай, у прыгожым адзенні. На каленях яна трымае хлопчыка, у руках якога партрэт памерлага бацькі.

   Бібліятэка налічвала каля 1,5 тыс. кніг па гісторыі, геаграфіі, філасофіі, астраноміі на польскай, англійскай, французскай і нямецкай мовах. Была і класічная мастацкая літаратура. У шуфлядах захоўваліся сямейныя дакументы ў скураных пераплётах.

   За маёнткам размяшчаліся рыбныя сажалкі. Перад домам быў газон з кветкамі.

   Сядзіба была абсаджана дрэвамі. Тут раслі чырвоналісты бук, раскідзісты каштан, які ў час цвіцення быў падобны на велізарны кандэлябр, некалькі гатункаў бэзу, жасмін, ясень, вельмі высокая елка, серабрыстыя таполі.

   У 1914 г. у парку была ўстаноўлена ў натуральную велічыню статуя Божай Маці. Вакол прыгожай альтанкі былі пасаджаны ліпы. На паўднёвым усходзе ад маёнтка ўзвышаўся цагляны двухпавярховы свіран (даўжыня 80, шырыня 30 м) ён захаваўся ад першапачатковых пабудоў. Пад ім былі падвалы.

   У сядзібу вялі 3 уезды. Галоўны, з боку вёскі, меў развадны мост і дом вартаўніка. Другі ўезд злучаў парк з гаспадарчым дваром. Трэці ўезд, паўднёвы, вёў да фальваркаў. Усе яны былі аднолькава аформлены: на 2 белых цагляных атыыкаваных слупах віселі драўляныя двухстворныя акаваныя вароты, над імі — чатырохскатны казырок.

   Маёнтак Опаль у 1914 г. меў 3500 га зямлі, у 1939 г. — 2500 га.

   Вайна 1914 г. нанесла сядзібе вялікія страты. Каштоўнасці былі разрабаваны. Пасля вайны вядуцца вялікія аднаўленчыя работы. Рэканструюецца і пашыраецца водная сістэма з 8 вялікіх вадаёмаў злучаных кароткімі пратокамі, абводнымі каналамі.

   Вадаём з востравам і вадаём, размешчаны праз дарогу, з'яўляліся кампанентамі параднай часткі сядзібы. Па дамбе паміж сажалкамі праходзіла Цэнтральная сядзібная алея (ад яе засталіся дзве ліпы). Уезд фіксаваўся каля ставаў брамай з двух высокіх абтынкаваных пілонаў з чатырохсхільнымі дахамі. Вароты былі драўлянымі. Побач мелася вартоўня. Аналагічныя брамы меліся з паўднёвай і ўсходняй бакоў сядзібы.  

   Сядзіба моцна пацярпела падчас першай сусветнай вайны, часткова адноўлена пасля яе. Згодна Рыжскаму мірнаму дагавору (1921) вёска ўвайшла ў склад міжваеннай Польшчы, дзе належала Палескаму ваяводству. Апошнімі ўладальнікамі маёнтка былі Габрыля Яленская і яе муж Багуслаў Залескі. З 1939 года ў складзе БССР.

   У час Вялікай Айчыннай вайны вёска знаходзілася пад акупацыяй з чэрвеня 1941 года па ліпень 1944 года. У 1943 годзе палац і іншыя сядзібныя пабудовы згарэлі і былі дашчэнту разабраны ў пасляваенны час.

   На месцы былога ансамбля размясцілася сядзіба калгаса. Час сцер ўсё, не стала валаў і каналаў. На ўзвышшы, на месцы сядзібнага дома (былой афіцыны) пабудаваны будынак канторы калгаса. Прыкладна ў гэтым месцы і размяшчаўся замак Вішнявецкіх. Ад былога парку засталіся адзінкавыя дрэвы і невялікі драўняны масіў з хмызнякамі. Існуе без сыходу складаная водная сістэма з васьмі вадаёмаў, якая ў перспектыве можа стаць каштоўным гідралагічным аб'ектам. Захаваўся касцёл другой паловы XVIII.

   У 2000 годзе  — 785 жыхароў, 350 двароў.

   Славутасці

   Царква Св.Параскевы. Драўляная праваслаўная царква 1796 года. Помнік народнага драўлянага дойлідства. За праваслаўным іканастасам царквы захаваўся ўніяцкі алтар. У большасці крыніц царква аднесеная да вёскі Опаль, хоць фактычна знаходзіцца на ўсходняй ускраіне вёскі Лядавічы, якая прымыкае да Аполі. Уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

   Ад сядзібы Яленскіх захаваліся толькі фрагменты парку.

   Курган памяці з абеліскам. Створаны ў 1967 годзе ў гонар 141 аднавяскоўца, загінуўшага ў гады вайны.

   Магіла ахвяр фашызму. На поўдзень ад вёскі. Пахаваныя 18 мірных жыхароў, расстраляных фашыстамі. У 1956 годзе ўстаноўлены абеліск.

   Археалагічныя стаянкі. Тры археалагічныя стаянкі ў наваколлі вёскі належаць да розных культур. Адна з іх адносіцца да свідзерскай культуры і датуецца 9-5 тысячагоддзем да н.э., другая адносіцца да эпохі мезаліту (7-5 тысячагоддзе да н. э.), трэцяя — да эпохі неаліту (3 тысячагоддзе да н. э.).

   Вядомыя асобы

   Павел Уладзіміравіч Шыпук — дзяржаўны дзеяч Беларусі. Ганаровы прафесар Беларускай політэхнічнай акадэміі (1997). Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (1996—2000, з 2000), старшыня Савета Рэспублікі (1997—2000), старшыня Камісіі па рэгіянальнай палітыцы (з 2000). Старшыня Міжпарламенцкага Камітэта Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэспублікі і Расійскай Федэрацыі (1998—2001). З 2000 быў Старшынёй Камісіі па рэгіянальнай палітыцы. Узнагароды: ордэн Айчыны ІІІ ступені.