У XVIII ст., а, магчыма, і раней, уладальнікамі маёнтка Навашычы былі Гедройцы. Генавефа Гедройц выйшла замуж за Дамініка Орду. Пасля Дамініка маёнткам валодаў адзін з трох яго сыноў – Віктар, прадвадзіцель пінскага дваранства, быў жанаты з Марцыянай Шырма. Затым спадчыннікам стаў сын Віктара Вітальд (1828—1895), другой жонкай якога была Ванда Каневіч. Іх сын Караль Орда (1871 — 1914) быў жанаты з Марыяй Смоляк, дачкой прафесара Станіслава Смоляка. Апошнім уладальнікам Навашыч быў сын Караля Вітальд (1901 — 1945).
Гедройцы жылі ў драўляным аднапавярховым доме, які быў пабудаваны ў XVIII ст. Малюнак яго зрабіў Напалеон Орда. Будынак складаўся з 3 частак, якія арганічна зліваліся ў адзін падковападобны ансамбль з парадным ганкам з 4 масіўнымі калонамі. У сярэдняй частцы было 9 пакояў, у некаторых столь была абклеена льнянымі палотнамі хатняга вырабу. У большасці пакояў акрамя печаў былі і каміны. У сярэдзіне XIX ст. Вітальд Орда вырашыў пабудаваць новую сядзібу. Будаўніцтва пачалі з флігеля, але далей справа не пайшла, і флігель стаў жылым домам.
Існаваў ён да 2-й сусветнай вайны. Гэта быў аднапавярховы будынак з 2 сіметрычна размешчанымі ганкамі. Правы служыў уваходам у парадныя пакоі, левы – у канцылярыю. Падоўжаная форма і ганкі надавалі дому жывапісны выгляд. 3 супрацьлеглага боку знаходзілася вялікая веранда з 4 калонамі, якія падтрымлівалі балкон. У доме было 12 пакояў. Самай вялікай была зала, якая мела 4 акны (2 квадратныя і 2 прамавугольныя). Насупраць акон стаяла вялікая печ з белага кафелю. У адным з пакояў маёнтка ў час паўстання 1863 — 1864 гг. хаваўся Рамуальд Траўгут, потым гэты пакой называўся «траўгутаўскім». Паркет са светлага дубу быў выкладзены квадратамі і пакрыты лакам пад чырвонае дрэва. Сцены да 1914 г. былі абклеены шпалерамі, пасля пафарбаваны ў светлыя таны. Мэбля да 1914 г. была ў стылі ампір і бідэрмеер, выдзяляліся некалькі пісьмовых сталоў са скрынкамі і тайнікамі. Калекцыю карцін складалі сямейныя партрэты, выкананыя не раней XIX ст. Сярод іх былі 3 карціны работы В.Ваньковіча, на іх Віктар Орда, яго жонка Марцыяна ў сукенцы ў стылі ампір з ружовым шалем і пальчаткай у руцэ, сын Вітальд у юнацкім узросце, партрэт Вітальда Орды работы Станіслава Сестранцэвіча і 2 партрэты работы мастака Міхаіла Чапіты, на якіх паказаны Караль Орда і яго жонка Марыя Смоляк. Перад 1-й сусветнай вайной калекцыю папоўнілі партрэты Марыі Манчынскай (мастак Лямпе) і Марыі Крэмер Смоляк у блакітнай сукенцы (мастак Тадэвуш Айдусевіч). У 1830 г. невядомы берлінскі мастак напісаў партрэт Ядвігі Конец. Юная дзяўчына паказана ў поўны рост з кошыкам у руках. Акрамя гэтых вялікіх палотнаў сцены дома ўпрыгожвалі меншыя карціны, сярод якіх былі і акварэлі.
Сярод іншых твораў мастацтва былі бронзавы барэльеф, падараваны 9-гадовай Марыі Смоляк, сярэбраная фігурка Меркурыя вышынёй 90 см (копія, прывезеная Каралем Орда з Рыма), некалькі слуцкіх паясоў, гадзіннік у мармуры і пазалочанай бронзе. Бібліятэ каналічвала каля тысячы тамоў, пераважна на французскай мове. Сярод іх было нямала старажытных. Фарфоравы і хрустальны посуд быў польскай вытворчасці і з іншых краін. Захоўваліся завушніцы з мініяцюрнымі малюнкамі прыроды, сталовы посуд з серабра часоў Людовіка XV.
Большая частка маёмасці знішчана ў гады 1-й сусветнай вайны. Баі праходзілі побач, акопы былі выкапаны нават на тэрыторыі сядзібы.
Мэбля была моцна пашкоджана. Потым яе рамантавалі, але з-за цяжкага фінансавага становішча ў якасці абіўкі выкарыстоўвалі звычайнае пафарбаванае палатно. Захаваліся 2 пісьмовыя сталы, 2 ложкі, 2 палічкі для кніг з чырвонага дрэвана львіных лапах у стылі ампір, некалькі карцін, у т.л. партрэт Каневіч і копія партрэта Станіслава Аўгуста (мастак Лямпе), 2 антычныя гадзіннікі, 2 бронзавыя кандэлябры. Бібліятэка была знішчана поўнасцю. У 1920—1930-я гады дзякуючы намаганням апошніх уладальнікаў маёнтка Марыі Орда і яе сына Вітальда сядзіба была адроджана. Тут панавала атмасфера старадаўняй палескай гасціннасці і дабразычлівасці. Сядзіба складалася з 2 частак: старой, дзе быў дом Гедройцаў, якая некалькі гадоў не выкарыстоўвалася, і новай, дзе жыла сям'я. 3 боку Моталя і Моладавада яе вяла абсаджаная векавымі дубамі алея. Праходзіла яна каля хваёвага лесу, які называўся Цецека. Захаваліся рэшткі яшчэ адной алеі, абсаджанай ліпамі. Перад домам быў газон, дзе расла вялікая ніцая вярба, пад ёй стаяў стол. Галінкі, якія звісалі, стваралі своеасаблівую летнюю залу, дзе звычайна пілі каву. На кветніках раслі ружы. Дом з усіх бакоў акружалі ліпы, каштаны, таполі, іншыя дрэвы. Уздоўж алей раслі кусты бэзу і жасміну. Каштанавая алея і канал аддзялялі парк ад фруктовага саду і гаспадарчых пабудоў. У Айчынную вайну сядзіба была спалена.
.png)















