У пісьмовых крыніцах згадваецца ў 1504 г. У 1555 г. сяло ў складзе Дружылавіцкага двара. Пасля прыняцця «Уставы на валокі» 1557 г. лічылася княжацкім. У канцы 16 ст. ў Пінскім павеце Трокскага ваяводства ВКЛ, дзяржаўная ўласнасць. У 1775 г. ўпамінаецца ў інвентары Рагадашчаўскага староства Пінскага павета, у склад якога тады ўваходзіла і належала пінскаму стольніку Яну Аржэшку. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай з 1795 г. ў складзе Расійскай імперыі, у Слонімскай, з 1797 г. ў Літоўскай губерніі. 3 1801 г. ў складзе Кобрынскага павета Гродзенскай губерніі. У 1802 г. пабудавана драўляная царква Параскевы Пятніцы — помнік архітэктуры, у якім спалучаюцца традыцыі народнага дойлідства з элементамі класіцызму.

   У 1866 г. сяло ў Адрыжынскай воласці, дзейнічалі царква, вучылішча. На 1885 г. 48 двароў, 384 жыхары, праваслаўная царква, 4 ветраныя млыны, піцейны дом.

   У 1905 г. 689 жыхароў. У 1915—18 гг. акупіравана германскімі, з 1919 г. польскімі войскамі. 3 1921 г. ў складзе Польшчы. На 1924 г. у Янаўскай гміне Драгічынскага павета Палескага ваяводства, 87 будынкаў, 414 жыхароў. Працавала школа, у 1934 г. — 63 вучні.

   3 1939 г. ў БССР. На 12 кастрычніка 1940 г. ў Крытышынскім сельскім савеце Іванаўскага раёна Пінскай вобласці, 160 двароў, 750 жыхароў, працягвала дзейнасць пачатковая, але ўжо руская школа, быў арганізаваны кааператыўны гандлёвы пункт.

   У Вялікую Айчынную вайну акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, уваходзіла ў рэйхскамісарыят «Украіна». Акупанты загубілі ў вёсцы 23 мірных жыхары, на франтах 2-й сусветнай вайны ў 1939—45 гг. загінулі ці прапалі без вестак 28 воінаў-землякоў. На ўшанаванне памяці аднавяскоўцаў у 1966 г. пастаўлены абеліск.

   У 1946 і 1959 гг. пабудаваны новыя школьныя карпусы, на 1961 г. — 8-гадовая. Новая школа пабудавана ў 1974 годзе і разлічана на 320 вучнёўскіх месцаў. З першага верасня 2004 года школа была рэарганізавана ў школу-сад, у 2007 яна атрымала статус юрыдычнай асобы і была зацверджана назва ў адпаведнасці са Статутам – Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Гнеўчыцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя агульна адукацыйная школа", з 1 верасня 2011 года ўнесены змены ў Статут установы і зацверджана новая назва - Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Гнеўчыцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа" Іванаўскага раёна. З 1 верасня 2013 года зацверджаны новы від установы - "Гнеўчыцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-базавая школа" Іванаўскага раёна.

   Па стане на 1 верасня 2015 года у школе займалася 37 вучняў. У дашкольнай групе выхоўвалася 14 дзяцей ад 3 да 6 гадоў.
   Навучанне ў школе вялося на беларускай мове і праходзіла у адну змену. У 2018 годзе школа была зачынена.

   3 8 студзеня 1954 г. ў Брэсцкай вобласці. У 1962—65 гг. у Драгічынскім раёне.

   18 снежня 1949 г. ў вёсцы быў створаны калгас «70-годдзе Сталіна», 9 ліпня 1960 г. перайменаваны ў калгас «Беларусь». 3 11 лістапада 1980 г. вёска ў калгасе імя Машэрава. 3 2003 г. ва ўгоддзях СВК «Машэраўскі».

У 2018 годе пражывае 313 чалавек.

 

Вёска над Днепра-Бугам

https://ok.ru/video/252317929856