Вёска Пераруб размешчана ў двух кіламетрах на поўдзень ад вёскі Пяшково. З заходняга боку вёскі праходзіць дарога Пінск - Камень-Кашырск. З поўдня на адлегласці 1 кіламетра ад вёскі працякае Дняпроўска-Бугскі канал, на якім пабудаваны гідравузел № 2. На захадзе размешчана невялікая вёска Кужалічын.
   Паводле народнага падання назва вёскі Пераруб пайшла ад таго, што вёска вырасла на тым месцы, дзе высеклі лес. Вось на гэтым высечаным месцы пачалі будаваць дамы. Па другой легендзе – вёска Пераруб атрымала назву таму, што Дняпроўска-Бугскі канал перасякаў Піну.  Першая легенда здаецца больш праўдападобнай. Вёска размешчана на пясчаным ўскрайку, што было тыповым для сялянскіх вёсак. Пасля адмены прыгоннага права ў вёсцы было каля 20 двароў з насельніцтвам да 130 чалавек. 
   Вёска Пераруб як і вёска Канатоп, з 1870 г. знаходзілася ў Махроўскай воласці Пінскага павета Мінскай губерні ў складзе маёнтка Кужалічын, які належаў памешчыку Пуслоўскаму.
   Сяляне апрацоўвалі свае ўчасткі драўлянымі плугамі, якіх у той час налічвалася 12. Паступова пачалі будаваць дамы на сенажацях пана Пуслоўскага, якому плацілі за гэта ці адпрацоўвалі. Да 1909 года ў вёсцы было 46 двароў з насельніцтвам 327 жыхароў. Да гэтага часу на змену драўляным плугам прыйшлі жалезныя. Сяляне ў асноўным займаліся земляробствам. Але так як бедныя зямлі не маглі пракарміць усяго насельніцтва, то частка мужчын працавала на плытах – па канале сплаўлялі лес у Польшчу. Днепра-Бугскі канал пачалі будаваць у 1775 годзе, затым адноўлена ў 1837 годзе, а скончана будаўніцтва ў 1848 годзе.
   Пасля Першай сусветнай вайны была адкрыта школа на рускай мове, у якой працаваў былы салдат царскай арміі Пісарэвіч Васіль Ігнатавіч, які з-за хваробы не змог адступаць з рускай арміяй і застаўся ў вёсцы. Пры ўладзе польскіх паноў ён адмовіўся працаваць у школе. Замест яго ў той час працавала настаўніцай дачка мясцовага пана. У ваколіцах Пераруба было некалькі памешчыкаў, якія мелі па 40-50 га зямлі. У іх, за нізкую плату, працавалі беднякі з вёскі. 
  У 1937 годзе ў вёсцы было каля 30 двароў з насельніцтвам каля 350 чалавек.
  У 1941-1944г.г. вёска была акупаваная немцамі.
   Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў родную вёску не вярнулася з франтоў вайны 7 жыхароў, 2 жыхары сталі ахвярамі тэрору, 1- забіты антысавецкай падпольнай групай.
   У 2018 годзе пражывае 134 жыхары.