Ападышча мае даўняе паходжанне. Такім словам называліся натуральныя мясціны, якія засталіся пасля таго, калі з Палесся адступала мора. Ападышча – месца, дзе зямля апала, прасела. Так сведчыць легенда. І не выпадкова, што землі вакол вёскі, якая знаходзіцца на невялікім узвышшы, нізкія, забалочанныя і толькі праведзеная меліярацыя дала магчымасць падняць сацыяльна-эканамічнае жыццё гэтых мясцін. Магчыма гэтыя землі засяляліся здаўна: аб гэтым можна толькі здагадвацца. На жаль дакладных звестак аб утварэнні сучаснага паселішча няма, але са слоў старажылаў можна зрабіць вывад, што яна ўтварылася ў перыяд правядзення Сталыпінскай аграрнай рэформы, пачынаючы з 1910 па 1914 г. Дазвол купляць казенныя землі дакаціўся і на поўдзень Іванаўшчыны. Навакольныя землі належылі княгіне А.Шчарбатавай, маентак якой знаходзіўся ў Адрыжыне. Яна ахвотна прадавала іх пад хутары, зніжаючы цэны. Старажылы расказваюць пра такую хітрасць княгіні: “Зямля ў нашай мясцовасці “пустая”, таму, каб больш заахвоціць і прыцягнуць пакупнікоў, Шчарбатава загадвала перавярнуць бочку дном уверх, насыпаць зерня, стварыўшы ўражанне добрага ўраджаю, дзякуючы ўрадлівасці глебы”. Вось і ехалі сюды сем’ямі людзі, каб прыдбаць невялікія ўчасткі зямлі. Аднымі з першых тут з’явіліся, згодна павер’я - Федарукі. Пазней на гэтых землях пасяліліся Сакалоўскія, Ткачукі, Устымчукі, Андрановічы, Сімановічы, Давыдовічы. Аб гэтым сведчыць і купчая, якая дадзена павераным княгіні Аляксандры Шчарбатавай селяніну Івану Карпаву Устымчуку.
У асноўным гэтыя землі скупалі і засноўвалі хутары перасяленцы з Драгічынскага раёна. Так Давыдовічы перасялілісь з в. Леснікі, Устымчукі з в. Радаўня сучаснага Іванаўскага раёна.
Жыхары паселішча не сталі багацеямі, а тут яшчэ і першая сусветная вайна заставіла многіх пакінуць абжытыя месцы. Пасля Рыжскага мірнага дагавору 1921 года гэтыя землі ўвайшлі ў склад Польшчы. За гады панавання палякаў хутарная сістэма не змянілася. Многа гора і бяды зведалі жыхары в.Ападышча ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Але самая жудасная трагедыя напаткала яе жыхароў у восень 1945 года. Вось што ўспамінае Вера Максімаўна Федарук: “Хлопцу Федаруку ПятруІванавічу, родзічу майму, прыйшоў час ісці ў армію. Даведаліся пра гэта бульбоўцы (яны хаваліся ў лясах) і з прэтэнзіяй: хай ідзе змагацца за вольнае Палессе. Ен жа хацеў у Савецкую Армію. Вось і прыйшлі бандыты пасля. Не адзіная гэта была нагода для расправы - Іван Іванавіч Федарук, бацька хлопца, лічыўся дзесятнікам у весцы, актывістам. Сагналі тады бульбоўцы ў адну хату Федарукоў: Івана Іванавіча, Варвару Афанасьеўну, Еўдакію Іванаўну, Ульяна Карнілавіча, Матруну Сяменаўну, Івана Ульянавіча, Пятра Іванавіча (тры сям’і) і давай біць. Дзяцей адправілі да суседзяў. Мы знаходзіліся ў суседняй хаце, чулі іх крыкі, але дапамагчы не маглі. Яны звязалі людзей у снапы, аблілі керасінам і падпалілі. Так і згарэлі ўсе ў агні. Агарадзілі тое месца, паставілі крыж бетонны. Пасля сяльчане паставілі помнік”.
Пасля вайны ў 1951 годзе пачалася “вайна” з хутарамі і “дабраахвотная” калектывізацыя сялянскіх гаспадарак. Быў створаны калгас і ў межах вёсак Ападышча, Падышча, Сухі Бор і прылягаючых хутароў. Калгас атрымаў назву ім.Сталіна. У далейшым адбываўся працэс сацыяльна-культурных пераўтварэнняў у вёсцы. Пабудаваны будынкі новай школы, магазіна, ФАПа і іншыя. На жаль, у апошнія гады вёска занепадае. Закрыта базавая школа, аддзяленне МУАСа, жывелагадоўчыя памяшканні.
У 2018 годзе - 58 жыхароў.