Згадваецца ў «Спрэчках за памежныя землі» (1518): «I таксама скардіўся нам князь Фёдар яго міласць на Станіслава Шчакоцкага». У канцы 16 ст. дзяржаўная ўласнасць у Пінскім павеце Трокскага ваяводства ВКЛ. 3 1795 г. - у  складзе Расійскай імперыі, у Слонімскай, з 1797 г. ў Літоўскай губерні. З 1801 г. ў складзе Кобрынскага павета Гродзенскай губерні. На 1866 г. вёска, казённая маёмасць у Дружылавіцкай воласці, 232 селяніны з вёскі ўваходзілі ў Дружылавіцкае сельскае таварыства, для патрэб насельніцтва працаваў сталяр. У 1905 г. 609 жыхароў. У пачатку 20 ст. ў цэнтры вёскі пабудавана сядзіба, якая складаецца з двух двароў і адлюстроўвае пашыраны на ПдЗ Беларусі тып пагоннага двара.

   У 1915-18 гг. была акупіравана германскімі войскамі. У 1919-20 гг. польскімі войскамі. З 1921 г. ў складзе Польшчы. На 1924г. у Палескім ваяводстве, Драгічынскім павеце, Дружылавіцкай гміне, у вёсцы 63 будынкі, 304 жыхары. У 1920-я г. ў пераліку самых «нядобранадзейных» вёсак, некаторыя жыхары вёскі ўваходзілі ў Оўзіцкую падпольную арганізацыю КПЗБ. У 1930-я працавала школа, якую ў 1934 г. наведвалі 58 вучняў.

   1939 г. - у БССР. На 1940 г. вёска ў Іванаўскім раёне Пінскай вобласці, у Дружылавіцскім сельскім савеце, 76 двароў, 536 жыхароў, працавала пачатковая руская школа.

   1941—44 гг. акупіравана нямецкімі захопнікамі, уваходзіла ў рэйхскамісарыят «Украіна». Спалена 9 будынкаў, ад рук акупантаў загінулі 3 жыхары вёскі. На франтах 2-ой сусветнай вайны ў 1939—45 гг. загінулі ці прапалі без вестак 17 жыхароў. У прыстасаваныму 1946 г. будынку дзейнічала школа (у 1961 - 22 вучні). Са студзеня 1950 г. вяскоўцы працавалі ў створаным калгасе «Чырвоны партызан», які пасля ўзбуйнення 26.08.1950 г. ўвайшоў у склад калгаса імя Горкага (цэнтрам калгаса стала в. Ляскавічы), з 16.05.2003 г. вёска ва ўгоддзях СВК «Ляхавічы-Агра».

   У 2009 г. 171 жыхар, у 2018 г. 147 жыхароў.

   Вядомыя асобы: Лукаш Бэндэ (1903-1961) — беларускі літаратурны крытык і літаратуразнавец.

   Геадэзічная дуга Струвэ: пункт «Чэкуцк», за 0,6 км на паўночны ўсход ад усходняй ускраіны вёскі.