Па-рознаму надаваліся назвы гарадам ды іншым населеным пунктам. Розныя карані тут можна адшукаць: фантастычныя, легендарныя, здаралася — рэалістычныя, часам спалучалася і тое, і другое, тады гаворка вялася пра рэальна-фантастычныя вытокі.
Праўда, апошнія сустракаліся даволі рэдка. Да іх можна аднесці і легенду, якая тлумачыць узнікненне Іванава, прыгожага гарадка на Брэсцкай зямлі.
Змагаючыся пастаянна з прыроднымі сіламі, патрыярхальны чалавек усё ж верыў у лепшую будучыню, у тое, што неўзабаве ўсё пераменіцца і жыць стане значна лягчэй,будзе ставаць усяго:і на стале, і ў хаце, і ў полі, і ў двары. Аднак міналі гады, дзесяцігоддзі, стагоддзі, а жыццёвыя ўмовы не паляпшаліся. Змяняліся толькі эксплуататары простага люду, змяняліся формы ўціску і прыгнёту. Што яшчэ заставалася чалавеку працы, як не шукаць сабе нейкую палёгку ў казках і легендах, паданнях і былічках?
Так з'явіліся паданні пра таямнічыя скарбы, пра незлічоныя каштоўнасці, якія былі закапаны ці засыпаны ў непасрэднай блізкасці ад жылля людзей. Спаткацца з імі можна было далёка не кожны дзень, а толькі ў прызначаныя дні, якія былі блаславёны на першым этапе жыццядзейнасці чалавека духамі, а ўжо значна пазней Багамі, спачатку паганскімі, потым — Хрыстом.
Асабліва цесна адшуканне такіх скарбаў злучана з народнымі паданнямі і легендамі, якія суправаджаюць спакон вякоў ноч на Івана Купалу. Урачыстасць Купалы вядома амаль што ўсім славянскім народам. На Беларусі 23 чэрвеня (па старому стылю) — Купалле, або свята Купалы: уначы шукаюць людзі скарбы, якія нібыта толькі ў гэтую ноч і можна знайсці. Самы шчаслівы будзе той, каму пашчасціць сарваць кветку папараці, якая, паводле народных паданняў, цвіце толькі раз у год, у ноч на Івана Купалу. Калі чалавек сарве тую кветку, то адразу ж атрымае цудадзейную магчымасць бачыць у глыбіні зямлі закапаныя скарбы і столькі можа мець срэбра-золата ды ўсялякіх іншых каштоўнасцей, колькі яму пажадаецца.
Гэтак вось атрымалася і ў нашым выпадку. Жыў ды быў сабе, можа, даўно, а можа, нават і не вельмі даўно, хлопец Янка. Нічым асаблівым сярод аднагодкаў не вылучаўся. Хіба што надзвычай дапытлівым ды цікаўным рос з малых гадоў. Як толькі даведаецца пра што, то не адчэпіцца, пакуль не дапытаецца, не зразумее ўсё да канца. Асабліва любіў бавіць час са сваім дзедам, які распавядаў яму заўсёды процьму самых цікавых апавяданняў пра розныя здарэнні. Часта згадваў і пра купальскія цуды. Сядзяць яны, бывала, на сонейку, а дзед і пачынае:
«Пасвіў адзін хлопец коней ды не ўсачыў, як яны некуды прапалі. Хадзіў ён, іх шукаючы, хадзіў, і папаў яму неяк выпадкова ў лапаць цвяток папараць-кветкі. Не заўважыў Янка гэтага. Але ўсё роўна стаў з таго моманту відушчым. Адразу зразумеў пастух, хто гэта яго так «уняважыў» і схаваў коней. Таму пайшоў на балота, забраў іх і гоніць дахаты. Ажно сустракае недзе якраз пасярод дарогі чалавека (а гэта быў чорт) з возам ботаў. Гэты чалавек і гаворыць яму ласкавым голасам:
- Слухай, хлопча, уваж мяне, прымі падарунак. Скідай свае лапці, а апрані вось гэтыя боты...
Iпадае яму пару. А боты бліскучыя, аж іграюць. Ніколі такіх пастух не тое што не насіў, нават не бачыў. Ухапіў ён іх, сеў на купіну, зняў лапці і аддаў шчодраму чалавеку, а разам з імі і кветку папараці перадаў.
Толькі гэта зрабіў, адразу ж навокал стала цёмна, хоць вока выкалі. Бачыць — сядзіць на балотнай купіне і коней зноў не відаць нідзе паблізу».
Дзед гаворыць-хітруе, а ўнук слухае, ажно рот разявіў ад зацікаўленасці, ды просіць:
- Яшчэ, дзедку, яшчэ, даражэнькі...
Той, чаму б не ўважыць удзячнага слухача, далей працягвае:
«Ото,жыў сярод вяскоўцаў такі Цярэшка-шавец і ўсё марыў разбагацець. Дык вось пашанцавала яму. Неяк лазіў у лесе купальскай ноччу і наступіў выпадкова на кветку папаратніка, якая трапіла яму ў лапаць. Стаў, як і ўсе такія шчасліўчыкі, відушчым. Усё, што ні ёсць, выразна бачыў і добра разумеў. 3 гаворкі старых соснаў паміж сабою, з размовы сарок і сабак ён зразумеў, дзе схаваны старадаўнія скарбы, і адкапаў іх. Прарочы дар адкрыў яму таямніцы, нікому раней невядомыя, указаў на злосных злачынцаў, на якіх нават падазрэнне не падала. Усё гэта зрабіла яго багатым і агульнавядомым. Але такі цудоўны стан працягваўся не доўга. Выпадкова ішоў ён па лесе і згубіў кветку папараці. Яна знікла, а разам з ёю знікла і ягоная магутнасць, шматлікае багацце прахам пайшло».
Хлопец яшчэ просіць распавядаць, але дзядуля не пагаджаецца, спасылаецца на тое, што трэба якой працай заняцца, а не байкі белым днём гаварыць.
Толькі вечарам спаць палягуць, а хлопец зноў дзеда катурхае: раскажы ды раскажы.
Нарэшце,той не вытрымлівае і пачынае новую гісторыю, да якой ужо прыслухоўваюцца і ўсе астатнія, хто яшчэ не спіць у хаце.
«На Купалле пасля дванаццаці гадзін ночы ўсе дружненька ідуць шукаць папараць-кветку. Шукаць яе можна да ўзыходу сонца або да першага сонечнага промня, якія сальюцца ў адзінае з галасістымі крыкамі пеўняў. Раніцай усе расказваюць адзін аднаму пра тое, што давялося ўбачыць ноччу. Некаторыя гавораць пра заклятыя скарбы, але, што, маўляў, нячыстая сіла перашкодзіла іх знайсці. Распавядалі і пра тое, што быццам бы бачылі саму цудадзейную папараць-кветку, ды толькі сава, ведзьма ці філін перашкодзілі дастаць яе. Усе зыходзяцца ў адным, што не дасягнулі сваёй мэты быццам бы выпадкова.
Ноч на Купалу поўная самых незвычайных, самых неверагодных здарэнняў і падзей. На думку людзей, уся прырода ў гэты час весяліцца. Купалу называюць «чыстаплотным». Гэта з-за таго, што на світанні, паводле народных паданняў, абавязкова трэба было купацца, і гэтаму купанню надавалася своеасаблівае, магічнае значэнне. 3 гэтай жа мэтай, каб «адшукаць чароўную сілу», раніцай купальскага дня жанчыны месцамі «чэрпалі расу», дзеля чаго бралі чысты абрус і вядро, звычайна тое, у якое дояць малако, і накіроўваліся на луг. Там абрус цягалі па мокрай траве, а потым выжымалі ў вядро. Калі збіралася многа вады, мылі ёю свой твар і рукі, каб прагнаць усялякую хваробу і каб яна ніколі да чалавека не бралася. У гэты ж дзень жанчыны мылі свае дзежкі, у якіх замешвалі цеста. Мылі іх толькі адзін раз у год, абавязкова расой і абавязкова ў гэты дзень. Часта расою крапілі хаты з сярэдзіны, дзеля таго, каб прапалі прусакі ды блашчыцы».
Ужо даўным-даўно спяць усе ў хаце, а на печы ціхенька гамоніць дзядуля ды ўважліва-уважліва, баючыся прапусціць хоць слова, слухае ўнук. Праўда, хлопцу болей падабаецца пра заклятыя скарбы, якія гараць заклікальным агнём ды трапляюць у рукі да шчасліўчыкаў,дзякуючы цудадзейнай папараць-кветцы. Але ж можна было і паплаціцца, бо ноччу хадзілі па вёсках ведзьмы, прыкідваючыся катамі ці сабакамі, і маглі перабіць у чыёй-небудзь каровы малако, наслаць хваробу, пакалечыць выпадковага сустрэчнага. Для таго, каб адпомсціць ведзьме ці вядзьмарцы, трэба было на досвітку купальскай ночы набраць у лесе муравейніку і перасыпаць дарогу, па якой учора ішла жывёла ці сам чалавек, на якога нечакана напала хвароба. Пасля такога дзеяння зло будзе абавязкова пакарана.
Ляжаць яны, прытуліўшыся адзін да аднаго, стары і малы, і нібы далёка-далёка адсюль у гэты момант знаходзяцца. Уяўляецца ім, што дрэвы ў лесе ў гэты час таксама недзе пераходзяць з аднаго месца на другое; шумам-гудам сваіх галін яны размаўляюць паміж сабою пра тое, што нехта ўсё ж, блукаючы гэтай купальскай ноччу ў гушчары, знайшоў кветку цудадзейнай папараці і бачыў скарб або знайшоў і нават паспеў узбагаціцца і што гэты незнаёмец атрымаў здольнасць назіраць усемагчымыя цуды, якія адбываюцца ў прыродзе. Ён разумеў таямнічую гаворку самых дробных стварэнняў, да якіх можна аднесці птушак і насякомых, чуў, як магутныя дубы пад покрывам купальскай ночы сыходзіліся ў адно месца, каб пагаварыць,параіцца аб сваім шматвяковым лясным жыцці, аб спрадвечных законах, заведзеных у неабсяжных лясных абшарах. Ліпы і бярозы таксама збіраліся ў адзін канец лесу, дзе можна было сустрэць як пасланцоў класічных памешчыцкіх садоў ды алеяў, так і лясных прыгажунь. Яны гаманілі больш за ўсё пра тое, што ім даводзілася бачыць: пра сацыяльную няроўнасць, пра здзекі над беднымі людзьмі, пра няўдалае каханне, пра трагічны лёс маладых людзей...
Пад самую раніцу засынаюць дзед з унукам. А новы дзень пачынаецца для іх, як і для астатніх вяскоўцаў, з шэрага світанку...
Сам не свой хадзіў Янка пасля такіх, вярэдзячых душу, апавяданняў. Ніяк не мог дачакацца, калі ж нарэшце надыдзе гэтая славутая ноч на Івана Купалу. Тады ён абавязкова пойдзе шукаць у лясной глушы кветку папараць, каб потым завалодаць незлічонымі заклятымі скарбамі.
Нарэшце ўсё ж дачакаўся. 3 раніцы месца сабе не знаходзіў, круціўся, насіўся туды-сюды, есці нічога за цэлы дзень не ўзяў. А тут яшчэ нехта са знаёмых у апошні момант падказаў, што на беразе, каля ракі, дзе здаўна ездзіла многа купцоў, грошы цвітуць. Казалі, што ўжо колькі разоў бачылі, як у розных мясцінах, па невысокіх навакольных лясках, гарыць агонь, але толькі хто хоча падысці, як той агеньчык адразу ж тухне. Iпайшла гаворка, што ў капцах тых закапаны заклятыя скарбы, яны і цвітуць, хочуць, каб іх хто выбавіў з зямлі, тады болей не будуць тут гарэць таямнічыя агеньчыкі. Гаманілі, што толькі адзін раз у год можна гэта здзейсніць — у ноч на Івана Купалу.
Выслухаў і гэта ўважліва Янка дый вырашыў паспрабаваць. Адмаўляў яго ад такой задумы стары дарадчык, але не паслухаўся ўнук — пайшоў.
На дварэ стаяла цёплае, вільготнае надвор'е, таму ночка ніякага страху і баязлівасці не выклікала. Толькі выйшаў Янка за вёску, бачыць — каля ракі штосьці свеціцца, быццам бы агеньчык нейкі гарыць, толькі крыху незвычайным, сінім полымем. Сунуўся хлопец туды, ажно нечакана перад ім выкацілася нешта чорнае, бы капа. Прыкацілася пад самыя ногі і рассыпалася, толькі іскры загарэліся на траве. Пайшоў Янка, крыху супакоіўшыся, далей. Адкуль ні вазьміся — цэлая гайня ваўкоў, лупяць прама на яго. Давай хлопец махаць нейкім дрынам, што трапіўся пад рукі. Ледзьве адбіўся.
Пакрочыў, знясілены, далей. Бачыць — свеціцца пагорачак непадалёку. Падышоў да яго, капнуў кіем, а там як загрыміць нешта жудаснае, як заверашчыць-затрапечацца! Не вытрымаў Янка, пабег адтуль, нібы за ім сотня сабак гналася. Бег, нібы на скрыдлах ляцеў!
Імчаў, імчаў ён ды і наляцеў прама на пышны куст папаратніка, які... цвіў, і цвет гэты дзівосным агнём, здавалася, асвятляў усё наваколле. Янка ажно аслупянеў, гэтак нечакана ўсё здарылася. Там толькі ўяўляў, а тут на табе, усё ў сапраўднасці. Схапіў хлопец кветку ў далонь і не адчуў, каб яна пякла ці спапяляла. Відаць, толькі на погляд магло ўявіцца, што апячэшся, а на самай справе... Сэрца ледзьве не выскачыла ад радасці з грудзей. Гэта ж трэба! Узбагаціўся! Зусім неспадзявана і нечакана, хоць, папраўдзе, і марыў, але што ўсё так атрымаецца — не чакаў. Не чакаў. Цяпер Янка зажыве! Вось толькі б скарб яшчэ як мага хутчэй знайсці, каб золата-срэбра ў кішэнях з'явілася, а там ніякіх складанасцей не будзе, бо хто грошы мае — той гора не ведае. Менавіта так часта паўтаралі багатыя вяскоўцы ў іхнім паселішчы.
Упрыскачку панёсся хлопец дамоў, каб падзяліцца сваёй радасцю-шчасцем. Бяжыць, а кветку агністую ў руцэ трымае.
3 таго часу пачаў Янка ў родную хату адшуканыя скарбы па два-тры зараз прыносіць. Многа грошай займелі ў гаспадарцы, нават суседзям пакрыху пазычалі. Баяліся не дапамагаць, бо хто яго ведае, чым адмова ў такім выпадку можа скончыцца. Раптам тым жа выпадкам, якім трапіла шчасце ў рукі, яно і знікне? Не, лепей пазычыць. Усё роўна аддадуць, а за гэты час яшчэ колькі новых скарбаў можна адшукаць.
Усе родныя Янкі ганарыцца пачалі такім раптоўным узбагачэннем, ды толькі добра, што суседзям-аднавяскоўцам зла вялікага не паспелі прынесці, бо не доўга іхняя радасць працягвалася. Неяк позняй восенню, пасля моцнай, бязлітаснай буры, што шумела ажно трое сутак, хлопец вырашыў пайсці ў лес пашукаць той самы шматлікі скарб, пра які не пераставаў марыць. Пагаварыў перад дарогай са сваім адвечным дарадцам — дзядулем і пайшоў у лес. Доўга хадзіў, стаміўся моцна, а нічога істотнага не траплялася. Раззлаваўся і павярнуў назад. Павярнуць-то павярнуў, ды не заўважыў, як пераступіў старую ліпу, паваленую ветрам. А гэтага яму нельга было рабіць ні ў якім разе.
Толькі пераступіў дрэва, адразу ж адчуў, што не разумее болей гаворкі лясоў і пачынае траціць сілу. Убачыў таксама, што кветкі засушанай ў далоні няма. А ногі ўжо ў каленах падломваюцца ад стомленасці. Неяк усё-ткі дабраўся да далінкі, што была непадалёку, і ўпаў нежывы.
Вось да чаго заклятыя, дармавыя грошы даводзяць. Месца тое людзі сталі зваць Янкава, або Янава. Цяпер гэта Іванава, але мясцовыя жыхары па-ранейшаму часта яго Янавам завуць.