З мэтай прывіцця чытачам любові да беларускай мовы і  беларускай кнігі, абуджэння цікавасці да гісторыі Бацькаўшчыны, 10 гадоў таму  ў Мотальскай сельскай бібліятэцы быў створаны Пакой беларусазнаўства, дзе за гэты час адбылося мноства адметных мерапрыемстваў і дат, святаў кніг, юбілеяў пісьменнікаў, краязнаўчых падарожжаў. Пакой стаў своеасаблівым цэнтрам краязнаўчай дзейнасці, дзе сабраны адметныфонд беларускай літаратуры: кнігі-гіганты і малюсенькія выданні, кнігі пачатку 20 стагоддзя і навінкі сённішняга часу. Да ўвагі чытачоў  кніжныя выставы, прагляды літаратуры: «Кніга: учора, сёння, заўтра», “Бацькоўскі край – пяшчотны край мой беларускі”, “Шчодрая на таленты зямля”,  “Гордасць і слава беларускай літаратуры”.

Таму не выпадкова, што ў рамках мерапрыемстваў Года гістарычнай памяці,менавіта тут, ў Пакоі беларусазнаўства,адбылася сустрэча з мясцовай паэткай Валянцінай Кульбеда-Бакун.Падчас мерапрыемства Валянціна Васільеўна паведаміла ўдзельнікам, як яна прыйшла ў паэзію, прачытала свае любімыя вершы розных перыядаў творчасці. Асаблівае ўражанне ўдзельнікі атрымалі ад верша “Май 45-га года”, які быў напісаны на рэальнай гісторыі сустрэчы маці з сынам на ваеннай дарозе і прысвечаны Пташыцу Аляксандру Васільевічу. Дарэчы, у Валянціны Васільеўны ўжо тры зборнікі паэзіі –  “Гарыць над Ясельдай заранак” (2008г.), “І поўніцца сэрца малітвай” (2016г.), “Кахання бясконцае плынь” (2020г.).

Удзельнікі мерапрыемства таксама пазнаёміліся з разгорнутай краязнаўчай хроніка-дакументальнай экспазіцыяй “Родны сэрцу Моталь мой” прысвечанай 600-годдзю Моталя: архіўныя дакументы, фотаздымкі, мясцовы фальклор, літаратурная спадчына, цікавыя матэрыялы аб знакамітых людзях вёскі, а таксама аб кулінарным фестывалі   «Мотальскія прысмакі», які стаў брэндам і вядомы далека за межамі Беларусі.

Сустрэча з Валянцінай Васільеўнай пакінула прыемнае пачуццё павагі за сваіх таленавітых аднавяскоўцаў. Кожная сустрэча з такімі людзьмі, не проста ўносіць разнастайнасць у наша жыцце, але ўзбагачае нас духоўна.

 

Каткавец Людміла Федараўна,
бібліятэкар сельскай бібліятэкі аг.Моталь