Сёлетні год у грамадска-культурным жыцці нашай краіны праходзіць пад знакам 140-годдзя з дня нараджэння двух волатаў беларускай нацыянальнай літаратуры, народных паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа.

   З гэтай нагоды ў сельскай бібліятэцы аг. Тышкавічы шырока разгорнута выстава – ушанаванне “Пад сузор’ем Купалы і Коласа”.

  Таленавітых творцаў збліжае глыбокая сувязь з народным жыццём, адчуванне еднасці з родным краем, замілаванасць тым куточкам, дзе прайшло незабыўнае маленства з яго светлай радасцю, надзеямі і першымі няўдачамі, пакутлівымі сумненнямі і турботамі. Шчырая, непадробная любоў да людзей працы, да роднай прыроды з’яўлялася невычэрпнай крыніцай натхнення песняроў.

  Кніжная выстава дапоўнена выставай малюнкаў юных чытачоў па творах класікаў “Вобразы мілыя роднага краю”.

  Міжнароднаму дню роднай мовы было прасвечана літаратурнае падарожжа “Сцежкамі Купалы і Коласа”.

  Бібліятэкары прапануюць наведвальнікам таксама выставу – бенефіс “Кніга адзначае юбілей” з аглядам літаратуры беларускіх пісьменнікаў - юбіляраў 2022 года.   

  Паважаныя сябры, аматары прыгожага пісьменства, запрашаем усіх далучыцца да тонкага свету паэзіі, каб сэрцам адчуць жыццёвую мудрасць і чалавечую чуйнасць творцаў, якіх Бог даў нам, беларусам.