Як не любіць нашу родную мову, такую мілагучную і напеўную?! Як хораша і каларытна гучаць словы па-беларуску! Хто паспрабаваў смак беларускай мовы, той ніколі яго не забудзе.
21 лютага - не проста дата, гэта дзень, калі ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Для ўсіх жа беларусаў – родная мова, гэта, вядома ж, – самая меладычная, самая прыгожая і непаўторная.
Кожны год бібліятэка імя Ф. І. Панфёрава ў мэтах далучэння іванаўцаў да роднага слова арганізуе шэраг цікавых і творчых мерапрыемстваў. На гэты раз бібліятэкары абанемента запрашаюць усіх наведаць выставу "Жыве ў вяках беларускае слова".
На выставе прадстаўлены самыя чытаемыя кнігі беларускіх аўтараў, сярод якіх творы Г.Марчука, Т.Бондар, В.Якавенка, А. Федарэнка, Ул. Гніламёдава, З.Дудзюк, В.Праўдзіна, Я.Хвалей і інш. Чытачы таксама змогуць адкрыць для сябе новых сучасных аўтараў: Н.Гальпяровіч, А.Брава, Г. Севярынец, І.Палякоў, А.Бутэвіч, А.Аляшкевіч, А.Наварыч, кнігі якіх з поспехам чытаюць не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.
Паважаныя чытачы! Запрашаем усіх адзначыць свята роднай мовы разам з намі, і не проста адзначыць, а пачаць ганарыцца, размаўляць, натхняцца і, па магчымасці, як мага часцей чытаць кнігі на роднай беларускай мове.
.png)

















