Вы здесь: Главная Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі Іванаўскага раёна Вайна вачыма дзяцей 3 памяці не выкрасліць
Наверх
Вторая мировая война унесла 50 миллионов человеческих жизней, из них 27 миллионов наши соотечественники.
e-mail: bibl.metodist@ivanovo-kultura.of.by
3 успамінаў Сяргея Розенберга, жыхара г. Херсон
Раніцай 22 чэрвеня ўся наша вялікая сям'я была на нагах. Недзе адбываліся выбухі. Бясконца гулі самалёты. Маці шэптам з трывогай пытала ў бацькі, што гэта такое. Ен супакойваў яе.
А праз некалькі гадзін у бок Пінска пацягнуліся калоны зняволеных, якія будавалі аэрадром недалёка ад Янава (Іванава), аўтамашыны, трактары і іншая тэхніка.
На трэці дзень вайны з боку Драгічына па нашай вуліцы (Чырвоны партызан) прайшлі два танкі са свастыкай і павярнулі назад. Ноччу ў горадзе ішла стральба, а ранкам яго захапілі немцы. У Іванаве з насельніцтвам за 8 тыс. чалавек палавіну складалі яўрэі. Мы, дзеці, разам вучыліся ў польскай, а затым савецкай школах, ведалі ўсе адзін аднаго, сябравалі.
Усё змянілася з прыходам немцаў. Немцы і паліцаі нас называлі не інакш, як «юдэн», «жыды». Нямецкія ўлады, паліцаі, казакі, літоўскія фарміраванні, якія часам з'яўляліся ў Іванаве, здзекліва адносіліся перш за ўсё да нас, яўрэяў: урываліся ў кватэры, рабавалі, забівалі.
У пачатку ліпеня нямецкія ўлады мабілізавалі гужавы транспарт яўрэяў для перавозкі грузаў і суправаджаўшых іх салдат за 12 —15 км ад Іванава. У нас была фурманка. Бацька схаваўся. Мясцовы паліцай, які ведаў, што я ўмею ўпраўляцца з канём, прымусіў мяне ехаць з фурманкай на пункт адпраўкі грузу.
Загразлі. Разгрузіліся. Афіцэр загадаў не вяртацца без асобай каманды. Да гэтага наш абоз быў раздзелены. Другой часткі з намі не было. Праз пэўны час да ездавога Чамярынскага (ён з нашай вуліцы) падышоў салдат і нешта яму шапнуў. Чамярынскі даў нам каманду як мага хутчэй імчацца ў горад, што мы і зрабілі. Ужо ў Іванаве Чамярынскі сказаў, што нямецкі салдат паведаміў яму пра маючы адбыцца расстрэл ездавых-яўрэяў. Другая група так і не вярнулася: яе расстралялі. Гэта быў першы групавы расстрэл яўрэяў нашага мястэчка.
Потым быў загад, каб кожны яўрэй насіў жоўтыя круглыя нашыўкі на грудзях і спіне.
У пачатку жніўня Іванава ачапілі паліцэйскія і немцы. Усіх яўрэяў сагналі на плошчу каля царквы. Толькі раніцай іх адпусцілі па хатах. Тлумачылі, што чакалі нейкае высокае начальства з Пінска, якое павінна было выступіць з прамовай. На самай жа справе чакалі спецкаманду, якая павінна была расстраляць дарослае яўрэйскае насельніцтва. Але каманда забойцаў затрымлівалася на расстрэле яўрэяў недзе пад Пінскам.
Усе патроху супакоіліся. Бацька запрог каня і з мамай, старэйшымі сёстрамі і нашым кватарантам (яўрэй-бежанец з Польшчы з верасня 1939 г.) паехаў на ўборку збожжа: у 1940 г. нам выдзелілі 3 га зямлі за 5 км ад Іванава, паміж Наклай і Маёнткам.
Усе працавалі на полі, не ведаючы, што адбываецца ў горадзе. А яго ачапілі, пачалася аблава на дарослае яўрэйскае насельніцтва. За некалькі гадзін на плошчу каля царквы сагналі да 400 чалавек ад 16 гадоў і болын. На нашай вуліцы забілі мужа і жонку, якія схаваліся на вышках, але былі знойдзены. Піня Гарбар схаваўся на полі, але і іх знайшлі, тут жа расстралялі Піню і яго 18-гадовую Рохл. Майго бацьку і нашага кватаранта таксама прыгналі з поля пад Наклай на плошчу, мусіць, нехта падказаў, што яны там.Сагнаных яўрэяў павялі з Іванава і расстралялі ў раёне Баравіцы. Гэта быў першы масавы расстрэл янаўскіх яўрэяў. Затым пачалося пагалоўнае знішчэнне яўрэяў, якія жылі ў вёсках раёна. Пасля расстрэлу мотальскіх яўрэяў некалькі чалавек уратавалася. Яны перабраліся ў Іванава. Затым апынуліся ў гета.
А ў самім горадзе немцы аб'явілі, каб усе яўрэі ў двухтыднёвы тэрмін здалі ўладам усю жыўнасць: коней, кароў, коз, авечак (свіней яўрэі не трымалі). Наша карова давала 18 — 20 літраў малака. Таму яе мы аддалі суседу Мірону Ладуку, у якога быў каўбасны цэх, а здалі яго худую карову. Сусед даў нам мяса, каўбасы. Каня з фурманкай мы аддалі аднаму селяніну з Вярхусця. Ён нам даў алею, бульбы.
Затым частку горада пачалі агароджваць калючым дротам. Стваралася гета. Нас сагналі за калючы дрот. Было два праходы. Працаздольных (і маю сястру Іду) ганялі на работу.
Як жылося ў гета? Холад. Голад. Людзі ператварыліся ў шкілеты. Вельмі цяжка было з дзецьмі, якія вечна хацелі есці. Нашы знаёмыя, беларусы, перадавалі нам што маглі з прадуктаў.
Аднойчы мама ўбачыла знаёмую жанчыну з Астраўка і папрасіла ўзяць мяне за пастуха. Тая абяцала пагаварыць са сваім гаспадаром.
У канцы ліпеня 1942 г. я апынуўся ў сям'і Васіля Божка з в. Астравок. Я часам вяртаўся ў гета, прыносіў садавіну, хлеб, бульбу маме і сваім худзенькім, змарнелым братам Іосіфу (8 гадоў), Лёве (5 гадоў).
Калі я захварэў, гаспадыня адправіла мяне ў гета, каб я не заразіў яе дзяцей (я хварэў дызентэрыяй). Мама мяне вылечыла. Я вярнуўся ў Астравок. Зноў наведваў маму.
I тут здарылася самае страшнае. Гета акружылі. Пачалі выганяць усіх на плошчу каля царквы. Пад узмоцненым канвоем групы адпраўлялі ў бок чыгуначнай станцыі. Я апынуўся ў другой ці трэцяй калоне. У сваім палатняным адзенні, якое пашыла гаспадыня, я быў падобны на сялянскага хлопчыка. Калі калона паварочвала з цэнтральнай вуліцы на тую, якая вядзе да станцыі (з сучаснай Савецкай на Леніна, дзе цяпер рэдакцыя раённай газеты), я пайшоў прама, апынуўся сярод людзей, якія назіралі за тым, як яўрэяў гоняць на расстрэл. Не спыняючыся, не паварочваючы галавы, я пайшоў у бок Магільна. Праз Магільна і Наклу трапіў у Маёнтак, адтуль вечарам прыйшоў у Астравок.
Вечарам я са слязамі на вачах глядзеў, як палала гета, была чуваць страляніна. Людзі хаваліся на гарышчах, у падвалах, падкопах, тайніках, таму эсэсаўцы аблілі бензінам будынкі і падпалілі іх. Сотні людзей згарэлі жывымі. Уратавалася толькі Соня Кірз, цяпер Рэзнік, якая жыве ў Ізраілі, а ў вайну была партызанкай атрада імя С.Г.Лазо.
Ранкам я пасвіў карову каля Маёнтка. Ад перажытага, бяссоннай ночы я ў ямцы заснуў. Пастушок Косця разбудзіў мяне: па цябе ідуць паліцаі. Я кінуўся ў лес. Па мне стралялі. На шчасце, не пацэлілі. Лесам дабраўся да ўскраіны ці то Новых Клёнак, ці то Стрэльна. Вечарам зайшоў у крайнюю хату, сказаў, што іду да родзічаў у Шчакоцк, папрасіўся пераначаваць. Гаспадар параіў звярнуцца да старасты. Старасце я паведаміў тое ж самае. Ён спытаў, чаго я хачу. Я адказаў, што пераначаваць. Стараста паклікаў дачку, штосьці ёй сказаў. Дзяўчынка некуды пабегла. Стараста працягваў са мной гаварыць, але я адчуў нешта трывожнае, пабег да лесу. Я быў за метраў сто ад лесу, як пачуліся стрэлы адтуль, з вёскі. Але мне зноў пашанцавала, кулі мяне мінулі.
Пераначаваў у нейкай траншэі, прыкрыўшыся мохам і галінкамі. Пад раніцу стала так холадна (я ж быў амаль распрануты), што вырашыў: хай будзе што будзе, але я павінен папрасіцца ў хату.
Выйшаўшы на край лесу, убачыў непадалёку хату. Пайшоў да яе. Забрахалі сабакі. Гаспадар (звалі яго Дзянісам) адагнаў сабак і без усякіх роспытаў павёў мяне ў хату, пасадзіў на печ. Гаспадыня мяне пакарміла. На другі дзень мяне перавялі ў клуню, дзе я за сенам, канюшынай прасядзеў звыш 10 дзён. Штодзённа гаспадар ці яго жонка прыносілі мне ежу, а іх дочкі (было іх двое) яблыкі, моркву, павідла. Затым мяне апранулі ў цёплае сялянскае адзенне, далі напакованую ежай сумку, гаспадар завёў мяне ў лес і паказаў дарогу, па якой звычайна праходзілі партызаны...
Яны мяне выпадкова знайшлі на нежылым, пакінутым хутары паміж Астраўком і Вярхусцем.
Толькі праз шмат гадоў я даведаўся, што мае выратавальнікі былі Дзяніс Цімафеевіч Кандрашчук (памёр у 1959 г.) і яго жонка Марыя Іосіфаўна (памерла ў 1991 г.). Іх дачка Галіна памерла ў 1985 г. Засталася толькі Ганна (цяпер яна Шапялюк), жыве ў вёсцы Трудавая. Мы сустрэліся ў 1996 г. Наведалі магілы яе бацькоў і сястры, месца, дзе загінула мая сям'я. Была на гэтай сустрэчы і Соня Кірз (Рэзнік), пра якую я гаварыў.
Мне вельмі хацелася б, каб беларуская сям'я Кандрашчукоў была ўключана ў спісак Праведнікаў — людзей, якія ратавалі яўрэяў, падвяргаючы смяртэльнай небяспецы сябе і сваіх блізкіх. Дай Бог, каб заўсёды было ўзаемаразуменне і давер паміж людзьмі ўсіх нацыянальнасцей.
Памяць: Гістарычны дакумент хроніка Іванаўскага района. – Мн.: БЕЛТА,2000. -592 с.:іл