Наверх
Вторая мировая война унесла 50 миллионов человеческих жизней, из них 27 миллионов наши соотечественники.
e-mail: bibl.metodist@ivanovo-kultura.of.by
3 успамінаў І.С.Алесюка, былога вязня канцлагера Заксенгаўзен
Жылі мы ў в. Навалучкі. У першыя гады вайны немцы адпраўлялі на работу ў Германію толькі моладзь і ў асноўным хлопцаў. 3 мая 1942 г. выбар паў на мяне і яшчэ трох маіх сяброў. Спачатку сабралі нас у Іванаве. Было вельмі многа моладзі: цэлы эшалон.
Завезлі нас у г. Шчэцін. Выгрузіўшы з вагонаў, сагналі на гарадскую плошчу. А там ужо чакалі нямецкія баўэры, якія пачалі нас разбіраць.
Але мяне і яшчэ чалавек 30 завялі ў нейкае памяшканне, дзе мы пераначавалі. Ранкам пагрузілі ў цягнік і некуды зноў павезлі. Разам са мной былі мае аднавяскоўцы Прыбышчук Мікалай, Татарчук Павел, Віктар, яго прозвішча я не памятаю, а таксама яшчэ два хлопцы з нашага раёна — Гарбарук Лёня з в. Заруддзе і Раманюк Мікалай з в. Шчакоцк. Так мы апынуліся ў г. Альдам.
Пачалі працаваць на чыгунцы. Работа была цяжкая: цягалі рэйкі, шпалы. Кармілі толькі два разы ў дзень: раніцай і вечарам. Давалі ў суткі 300 грамаў хлеба і суп: вада, у якой штосьці плавала. У хуткім часе 5 чалавек збегла.
Вырашыў бегчы і я са сваімі землякамі. Каб было што ўзяць у дарогу, началі сушыць хлеб. Трэба сказаць, што нас не вельмі пільна ахоўвалі. Таму падабраць зручны момант было няцяжка.
Ішлі мы ноч і дзень. I раптам перад намі рака — шырокая і глыбокая, пераплыць якую мы не маглі. А мост, які быў непадалёку, ахоўваўся немцамі.
Пакуль мы вырашалі, як быць далей, нас прыкмецілі немцы. Акружылі, палажылі ніцма на зямлю. Двое засталіся ахоўваць, а трэці падаўся за дапамогай. Хутка ён з'явіўся з аўчаркамі і наручнікамі.
Прывялі нас у нейкі населены пункт. Збілі гумавымі палкамі і закрылі ў склепе. На другі дзень зноў збілі. Затым пагрузілі ў машыны і завезлі ў г. Альдам. А там такіх, як мы, было вельмі многа...
Адтуль — зноў у вагоны. Везлі нас суткі. Так мы апынуліся ў канцэнтрацыйным лагеры Заксенгаўзен, які знаходзіўся за 30 кіламетраў ад Берліна.
Апранулі нас у паласатае адзенне і драўляны абутак. Пасля 10-дзённага каранціну размясцілі па бараках.
Лагер займаў вельмі вялікую плошчу. Па намерах — 4 — 5 нашых вёсак. Быў ён падзелены на некалькі сектараў. У адным жылі ваеннапалонныя. Працавалі яны на раскарчоўцы пнёў, на іншых вельмі цяжкіх работах. У другім — яўрэі. Але іх чамусьці на работы не ганялі. Самы вялікі — наш, з мірных жыхароў.
А на ўскраіне лагера размяшчаўся крэматорый, чорны злавесны дым з яго труб валіў суткамі.
Нас ганялі працаваць на нарыхтоўку лесу. Дрэвы былі такія вялікія, што 30 чалавек з цяжкасцю паднімалі адно. Дзённая норма кармёжкі — суп з капусты, 300 грамаў хлеба, бручка, некалькі бульбін.
Сярод нас былі галандцы, бельгійцы, французы, італьянцы, чэхі, сербы і іншыя прадстаўнікі народаў Еўропы. Але ім было лягчэй, бо яны мелі магчымасць атрымліваць пасылкі з дому, таму часта свой паёк аддавалі нам.
Ад такога харчавання і цяжкай працы я зусім аслабеў, важыў кілаграмаў 30 не болей — косці, абцягнутыя скурай. У вельмі цяжкім стане я апынуўся ў бальніцы. Лячэння там не было ніякага, адно што — адпачынак. I калі праз некалькі дзён хтосьці не мог устаць, то яго адразу адпраўлялі ў крэматорый.
Але арганізм мой быў малады, здаровы, і, трохі адляжаўшыся, адчуў я сябе лепш, стаў данамагаць доктару даглядаць хворых.
Працаваў вельмі старанна, не цураўся самай цяжкай работы. Гэта, напэўна, спадабалася доктару. I пры выпісцы ён даў мне нейкую запіску.
Калі я вярнуўся ў лагер і паказаў яе распарадчыку, ён накіраваў мяне даглядаць пуховых трусоў. Там былі яшчэ марскія мышы і свінкі.
У гэтыя гады і колькі яшчэ прыйдзецца жыць я буду ўдзячны таму доктару, бо менавіта ён выратаваў мяне ад немінучай смерці.
Догляд за жывёлай — гэта не праца на лесапавале. Ды і харчаванне было значна лепшае. Жывёлам давалі белыя сухары, малако, зерне, агародніну. Нешта перападала і нам. I цяпер ужо я мог аддаваць сваю лагерную пайку сваім сябрам Гарбаруку Лёню, Раманюку Мікалаю. Іншы раз прыносіў ім нешта і ад звярынага рацыёну. Але гэта было вельмі небяспечна. Калі заўважаць, то 25 удараў бізунамі — самая лёгкая мера пакарання.
3 набліжэннем Чырвонай Арміі ўсіх ваеннапалонных знішчылі ў крэматорыі. Пайшоў слых, што будуць паліць і нас. Але нас пастроілі ў калону і пагналі на захад. Між тым наступленне нашых войскаў было такім імклівым, што ў хуткім часе ўвесь наш канвой разбегся.
А неўзабаве з'явіліся рускія танкі. Затым была праверка «асабістаў», медыцынскі агляд. Жанчын, дзяцей, старых, хворых пасадзілі ў цягнікі і адправілі дамоў. А тыя, хто мог ісці, у тым ліку і я, пайшлі пешшу да Гродна. А адтуль накіравалі ў Чэлябінск на металургічны завод, дзе я працаваў два гады.
I толькі ў 1947 г., калі была знявечана нага, вярнуўся дамоў.
Запісала Л.А.Павяльчук.
Калі пачалася вайна, мне было 6 гадоў. Вёску, дзе жыла наша сям'я, немцы ў 1943 г. спалілі. Ратуючыся ад смерці, усе жыхары пайшлі ў балоты, жылі ў зямлянках. У хуткім часе пачалася эпідэмія гыфу, памерлі бацька, маці. А потым здарылася самае страшнае — аблава. Разам з іншымі жыхарамі мяне схапілі і адправілі ў Германію. Так я апынуўся ў дзіцячым канцлагеры, які знаходзіўся пад г. Астэрод.
Бясконца доўгіх паўтары гады разам з такімі ж дзецьмі правёў я за калючым дротам розных канцлагераў, дзе нам прыйшлося перанесці далёка не дзіцячыя выпрабаванні: холад, голад, фашысцкія эксперыменты. У асноўным нас выкарыстоўвалі як донараў. Канвеер працаваў без збояў, з нямецкай акуратнасцю: кушэтка, на якой адбываўся забор крыві, знаходзілася побач з транспарцёрам. Калі хтосьці з дзяцей не мог самастойна падняцца, яго адразу кідалі на гэты транспарцёр, а адтуль — прама ў печ.
Але лёс дараваў мне сілы. I я дачакаўся таго светлага дня, калі салдаты, якія размаўлялі на незнаёмай мове, вызвалілі нас. Мы былі такія змарнелыя, такія слабыя, што амаль не трымаліся на нагах. Пасля вызвалення ўсіх нас адправілі ў дзіцячыя дамы.
Памяць: Гістарычны дакумент хроніка Іванаўскага района. – Мн.: БЕЛТА,2000. -592 с.:іл