Паміж вёскамі Дастоева і Красіеўка на хутары жыў бацька маёй свякрухі Алены Андрэеўны Кухарчук – Андрэй Максімавіч Шчурко – са сваёй вялікай сям’ёй. У дзеда Андрэя было шэсць дачок: Алена, Вольга, Палашка (Пелагея), Марыя, Ксеня, Надзя і адзін сын Андрэй.
Да вайны Алена і Марыя жылі са сваімі сем’ямі ў Дастоеве, Палашка – у вёсцы Табулкі Пінскага раёна. Вольга – у Кацках, прозвішча па мужу Паляшчук, у 1940 годзе была вывезена ў Архангельскую вобласць. Вярнулася ў Беларусь толькі ў 1954-ым.
Дзеда Шчурко ведалі ў Дастоеве і бліжэйшых вёсках як спораўца, таму што родам ён быў са Спорава, а купіў зямлю ў Дастоеве яшчэ ў 20-х гадах мінулага стагоддзя. Да самай Вялікай Айчыннай вай-
ны выплачваў пазыку польскаму банку за купленую зямлю. Вялікага багацця не меў, але сям’я галоднай не была. Жылі з працы сваіх рук. Да вайны ў Андрэя Максімавіча Шчурко быў радыёпрыёмнік (слухаўка, так тады называлі гэты “цуд тэхнікі”). Удзень на хутар наведваліся паліцэйскія з немцамі, каб пажывіцца “курко, яйко”, а ноччу прыходзілі партызаны, каб паслухаць Маскву, весткі з фронту. Так працягвалася многія месяцы. Становішча было небяспечнае і трывожнае.
Нечакана ў канцы 1942 года на хутар уварваліся паліцэйскія з фашыстамі, у хаце ўсё перавярнулі, а ў хляве пад саломай знайшлі радыёпрыёмнік.Андрэя Максімавіча, яго жонку Кацярыну Іванаўну і сына Андрэя арыштавалі. Хутар Машчынку спалілі. У час вобыску дочкам Ксені і Надзі, якія жылі ў бацькоўскай хаце, удалося схавацца. Замужнія дочкі Марыя Андрэеўна са сваім мужам Андрэем Сцяпанавічам Ламаза і Пелагея Андрэеўна са сваім мужам Данілам Фёдаравічам Сцепанюком паехалі санямі выручаць бацькоў. Усіх чатырох у паліцэйскім участку г.Іванава
арыштавалі і расстралялі ў студзені 1943-га.
Засталіся круглымі сіратамі дзеці Андрэя Ламазы: Жэня (1939 г.н.), Валя (1940 г.н.) і немаўлятка Волечка (8 тыдняў). У Табулках засталіся круглымі сіратамі дзеці Сцепанюкоў – Надзя (1929 г.н.) і
Марыя (1931 г.н.).
Клопат і апека над сіратамі леглі на плечы брата расстралянага Андрэя Ламазы – Якава Сцяпанавіча і яго састарэлай маці – бабкі Мар’і. У Якава Сцяпанавіча было сваіх шасцёра дзяцей ды
яшчэ трое сірот прыбавілася. Жылі ўсе ў адной хаце. Сучасны чалавек, асабліва малады, не можа сабе ўявіць, як можна было выжываць у такіх умовах.
Але дастоеўцы дапамагалі адзеннем і харчаваннем. Асабліва актыўнымі былі сям’я Кухарчукоў і родзічы Ламазаў. Так, Мікіта Цярэнцьевіч Кухарчук і яго жонка Настасся Сцяпанаўна дзяцей-
сірат шкадавалі як сваіх родных, не далі загінуць ім у ваеннае ліхалецце. Дзеці выраслі і занялі дастойнае месца ў грамадстве.
Сям’я Ламазаў у ваенны час пацярпела асабліва. Было пяць братоў – Фама, Якаў, Фёдар, Андрэй, Іван.Фама быў мабілізаваны яшчэ на першую сусветную ў армію Яго Імператарскай Вялікасці і загінуў. Іван, прызваны ў польскую армію ў 1938 годзе, загінуў у Польшчы ў 1939-ым. Андрэй – расстраляны фашыстамі ў 1943-м.
На жалобны мітынг, прысвечаны адкрыццю помніка расстраляным мірным жыхарам у Іванаве (1966г.), сабралася многа людзей. Адна жанчына пажылога ўзросту расказвала:
- Наш хутар быў недалёка ад месца расстрэлу мірных жыхароў. Са свайго двара мы бачылі і чулі, што там рабілася: галасілі жанчыны, крычалі дзеці (знішчалі цэлыя сем’і). А жанчына невысо-
кага росту, апранутая ў аўчынны кароткі кажушок падала на калені і крычала: “У мяне засталіся малыя дзеткі!” Грымнуў стрэл, і ўсё заціхла.
Родныя дзеда Андрэя Максімавіча Шчурко прыйшлі да адзінай думкі: “Гэта была наша Маня”.
Я вельмі шкадую, што не запытала прозвішча гэтай жанчыны – жывой сведкі таго часу.
Гэтыя ўспаміны я запісала ад родзічаў Кухарчукоў, Ламазаў, Шчурко і многіх іншых.
Вось што расказаў Якаў Сцяпанавіч Ламаза яшчэ пры жыцці: - Паехаў мой брат Андрэй выручаць цесця ў Янова, а мне было цікава даведацца, чым усё гэта закончыцца. Трошкі пазней я запрог свайго каня ў сані і таксама паехаў. Паставіў каня з санямі ў знаёмага ў двары, а сам – у паліцэйскі ўчастак. Нечакана сустрэў знаёмага чалавека, які служыў у паліцыі. Пагаварылі
пра жыццё-быццё, а ён і пытае, што мяне прывяло ў Янова. Я яму расказаў пра выпадак на хутары. Паліцэйскі паведаміў: “Усіх арыштавалі і ўжо не адпусцяць. Арыштуюць і цябе, калі з’явішся на ўчастку”. Я так перапужаўся, што бег да свайго каня цераз агароды напрасткі. Памчаўся назад у Дастоева. Дома доўга баяўся, што прыедуць і за мною.
Вось у такіх умовах даводзілася жыць простаму чалавеку пры акупацыі. Пра трагедыю хутара Машчынка нідзе не пісалася і не ўспаміналася.
Вера Кухарчук, пенсіянерка, в.Дастоева.
Кухарчук, В. Трагедыя хутара Машчынка / В. Кухарчук // Чырвоная звязда. - 2013. - № 38. - 20 сентября. - С. 11.