Наверх

foto1 foto2 foto3 foto4 foto5
Вы здабылі Перамогу жыцця высокаю цаной
Вайна. Іванаўшчына. Памяць.
У памяці. У сэрцы. У кнігах.
Застаўся ў сэрцы вечны след вайны
Іх подзвігі – нашчадкам запавет

Галерэя баявой славы

djВторая мировая война унесла 50 миллионов человеческих жизней, из них 27 миллионов наши соотечественники.

Telephone: 8 01652 21255

e-mail: bibl.metodist@ivanovo-kultura.of.by

Get Adobe Flash player

Медиа урок "Не подлежит забвению..."

ПАМЯТЬ НАРОДА 1941-1945 (Ивановский район)

"Сново ожили в памяти были живые"

 

   Узнікненне падпольнага руху ў Іванаўскім раёне цесна звязана з дзейнасцю першых партызанскіх груп. Свае аперацыі падпольшчыкі часцей за ўсё праводзілі разам з імі. Сведчаннем таму з'яўляюцца засада мотальскіх падпольшчыкаў Івана Калільца на паліцэйскіх пад в. Дружылавічы, першае крушэнне цягніка на перагоне Іванава —Юхнавіч, ажыццёўленае падпольшчыкамі Васіля Лагодзіча і партызанамі Мікалая Папова. Гэтыя аперацыі былі праведзены вясной 1942 г.

   У падпольнай барацьбе супраць акупантаў на тэрыторыі Іванаўскага раёна прымалі ўдзел ураджэнцы розных рэгіёнаў краіны, якіх ваенныя падзеі закінулі ў наш край. Сярод іх быў і Дзмітрый Андрэевіч Селязнёў. Ён нарадзіўся ў 1914 г. у Касторанскім раёне Курскай вобласці. У 1939 г. закончыў міліцэйскую школу ў Мінску і быў накіраваны ў Пінск. Тут маладога міліцыянера і застала вайна. Тагачасны Пінск — невялікі горад, а міліцыянер — фігура прыкметная. Яго многія ведалі, таму заставацца ў занятым немцамі горадзе было небяспечна.

   Начальнік абласнога аддзела міліцыі Докшын, сабраўшы сваіх супрацоўнікаў і былых падпольшчыкаў, членаў КПЗБ (Несцер Андранюк, Марк Піскун, Рыгор Сіткавец, Мікалай Чалей, Дзмітрый Селязнёў), сказаў, што ёсць два шляхі: прабірацца да сваіх, за лінію фронту, або заставацца тут і пачынаць падпольную барацьбу з ворагам. Згадзіліся з апошняй прапановай.

   Селязнёў перабіраецца ў прыгарадную в. Казляковічы да свайго саслужыўца Мікалая Ігнатавіча Чалея, які ўжо стварыў падпольную групу. Чалей накіраваў Дзмітрыя ў Іванаўскі раён, у яго паўднёвую зону (Крытышын, Махро, Гарбаха, Глінна), для наладжвання там падпольнай работы.

   Хлопец наняўся парабкам да заможнага селяніна Івана Марчука, які жыў на хутары каля в. Гнеўчыцы. Набліжалася восень. Трэба было ўбіраць ураджай, рыхтавацца да зімы. Дзмітрый спраўна выконваў даручэнні гаспадара, а што ён вечарамі недзе знікае, гэта Марчука не здзіўляла: сам быў маладым. А Селязнёу у гэты час шукаў патрэбных яму людзей.

   Першае яго знаёмства было з Пятром Якаўлевічам Мельнічуком, які сам прыйшоў на хутар, калі дачуўся, што ў Івана жыве «васточнік». Пётр расказаў Селязнёву, што яго сын Якаў — камсамолец, вучыўся да вайны ў Століне ў тэхнікуме. Так яны ўтрох неўзабаве і склалі ядро Крытышынскай падпольнай арганізацыі. Было гэта ў пачатку жніўня 1941 г. Затым, пасля стараннай праверкі кожнага, арганізацыя папаўнялася новымі членамі. Гэта былі Васіль Кужалінаў, Фёдар Сацута, Марыя Галякевіч, Рыгор Сацута. Арганізацыя вырасла да 39 чалавек. Кіраўніком яе стаў П. Я. Мельнічук.

   У верасні 1941 г. Дз.А.Селязнёў атрымлівае ў Казляковічах ад М.І.Чалея новае заданне: сустрэцца ў в. Кучавы Моладаўскага сельсавета з Іванам Мікалаевічам Налівайкам, якога Чалей добра ведаў як надзейнага чалавека, і стварыць там падпольную групу.

   Калі Налівайка даведаўся, што гэта чалавек ад Мікалая Чалея, ён поўнасцю даверыўся Селязнёву. Больш таго, у Налівайкі былі ўжо канкрэтныя меркаванні, што рабіць, каго ўцягнуць у арганізацыю. Яна была створана, калі сабраліся на тайны сход Міхаіл Андрэевіч Каліноўскі, Іван Мацвеевіч Шаўчук, Фёдар Сямёнавіч Каліноўскі, Іван Мікалаевіч Налівайка, Дзмітрый Андрэевіч Селязнёў. Кіраўніком групы стаў І.М.Налівайка, былы падпольшчык, член КПЗБ, які меў вопыт канспіратыўнай работы, добра ведаў людзей. Цэнтрам арганізацыі вырашылі зрабіць Моладава. Паступова да падполынчыкаў далучыліся член ВКП(б) з 1939 г. Павел Аронавіч Паліўка з Тышкавіч, Сцяпан Якаўлевіч Санько, Сяргей Андрэевіч Ліс і інш. Арганізацыя вырасла да 19 чалавек, пачала актыўна дзейнічаць, у выніку правалу былі арыштаваны Сяргей Ліс і яшчэ 9 падпольшчыкаў. У пінскай турме іх катавалі, аднак патрыёты нікога не выдалі. Ліса і яшчэ чатырох падпольшчыкаў расстралялі ў турме.

   3 ліпеня 1941 г. да жніўня 1943 г. падпольная арганізацыя існавала ў прыгараднай в. Астравок. Яе стварыў і ўзначаліў Фёдар Якаўлевіч Луцэвіч, які да вайны працаваў у раённым аддзеле НКУС у Іванаве. У арганізацыю ўваходзіла 5 камсамольцаў: Васіль Міронавіч Казакевіч, Уладзімір Андрэевіч Куліч, Марыя Аляксандраўна Навумавец, Мікалай Макаравіч Худзіцкі і сам кіраўнік.

   Па радыёпрыёмніку падпольшчыкі прымалі зводкі Саўінфармбюро, распаўсюджвалі іх у Іванаве і навакольных вёсках у форме лістовак, дапамагалі чырвонаармейцам-акружэнцам. Мелі сувязь з партызанскімі атрадамі імя С.Г.Лазо, Я. Г. Макарэвіча, дыверсійна-разведвалькай групай І.П.Топкіна, перадавалі парты-занам агентурныя звесткі, зброю і боепрыпасы (кулямёт, 46 вінтовак, 101 гранату, звыш 3 тыс. патронаў). Арганізацыя Луцэвіча падтрымлівала сувязь з падполь-шчыкамі ў іншых вёсках: Якавам Дарагакупцам, братам і сястрой Фёдарам і Валянцінай Гліннікамі (Магільна), Раманам Ігнатчуком (Варацэвічы), Мікалаем Галаўчуком (Снітава), Фаінай Русяевай (Ляскавічы), Данілам Кульбедам (Крывіца). 

 

   Пагроза правалу арганізацыі ўзнікла летам 1943 г., калі фашысты расстралялі сувязнога Кліменція Луцэвіча і яго сям'ю, а таксама бацькоў і брата Фаіны Русяевай. У жніўні 1943 г. прынята рашэнне аб спыненні дзейнасці падпольнай арганізацыі. У партызаны пайшлі Уладзімір Куліч, Фёдар Луцэвіч, Мікалай Худзіцкі.

   У жніўні — верасні 1943 г., каб сарваць нарыхтоўкі збожжа акупантамі, падпольшчыкі сумесна з партызанамі арганізавалі шэраг дыверсій. 31 жніўня 1943 г. у маёнтку Моладава падпольшчыкам Сідарам Сідарчуком быў знішчаны зернясклад (11 тысяч пудоў збожжа), 13 верасня ў маёнтку Опаль было спалена абмалочанае збожжа і снапы, зрабіў гэта падполынчык Павел Саўко. Гарэў маёнтак Навашычы, дзе працаваў спіртзавод. 3 некаторых маёнткаў сельскагаспадарчыя прадукты траплялі ў партызайскія атрады (маёнтак Астравок).

   У верасні 1943 г. камандаванне партызанскага атрада імя С.Г.Лазо і Іванаўскі падпольны райком ЛКСМБ прынялі рашэнне стварыць камсамольскую арганізацыю ў партызанскай зоне (заканалле). Яе сакратаром абралі Ф.Я.Луцэвіча, намеснікам — І.П.Божку. У снежні арганізацыя налічвала 12 чалавек. Быў створаны сектар разведкі. Камсамольцы неслі дазорную службу на лініі партызанскай абароны на Днепра-Бугу. Існавала арганізацыя да лютага 1944 г., пасля чаго большасць яе членаў пайшлі ў партызанскія атрады.

   Не адна баявая справа была на рахунку падпольнай арганізацыі в. Кулякі, якую ўзначальваў Кірыла Мартышэвіч. У яе ўваходзілі Сцяпан Казлоўскі, Якаў Дабрадзей, Лазар Казлоўскі, Іван Новік, Якаў Малашук, Максім Вайтовіч, Пётр Сяюта, Васіль Дзядзюк, Іван Малашчук, А.Астаповіч, Г.Луцэвіч, А.Луцэвіч, М.Вайтулевіч.

   Пра дзейнасць падпольшчыкаў з в. Вулька-Дастоеўская сведчыць справаздача іх кіраўніка Н.А.Палешука за снежань 1943 г., паводле якой патрыёты 4 разы расшывалі вузкакалейку на ўчастку Кротава—Баравая (170 метраў), 2 разы спальвалі мост каля в. Кротава, псавалі тэлефонную сувязь на ўчастку Ляхавічы —Кротава, у атрад Макарэвіча перадалі 3 міны, 23,5 кг толу, 4 шаблі, 3 затворы ад вінтоўкі, адну вінтоўку, 3 компасы, 2 радыёпрыёмнікі, 8 радыёлямпаў, акумулятар, дастаўлялі харчы і адзенне атраду Папова, забяспечвалі атрад Лазо маскіровачнымі халатамі і інш.

   Шматбаковай была дзейнасць Мотальскага камсамольска-маладзёжнага падполля, якое дзейнічала ў 1941 —1943 гт. За ўвесь час у падполлі было больш за 60 чалавек. Сакратаром камітэта быў Іван Міхайлавіч Калілец.

   У сувязі з пашырэннем барацьбы з ворагам, набыццём ёй масавага, усенароднага характару паўстала пытанне больш канкрэтнага кіраўніцтва падпольным і партызанскім рухам. У выніку ў канцы 1942 г. былі створаны раённыя падпольныя камітэты партыі і камсамола.

   Сакратаром Іванаўскага падпольнага райкома ЛКСМБ быў прызначаны Мікалай Барскі, якога ваенны лёс закінуў на Іванаўшчыну з Масквы. 

   Паводле ўспамінаў брата Георгія, Мікалай яшчэ ў школьныя гады быў хлопцам сур'ёзным, сумленным, працавітым, меў арганізатарскія здольнасці. У 15 гадоў пайшоў на завод, працаваў слесарам, адначасова вучыўся на рабфаку. Затым ваенная служба. Мікалай Барскі паступае ў Разанскае пяхотнае вучылішча.

   Ваенны лёс закідвае яго на Палессе. Юнак не пазбег лёсу многіх байцоў таго часу — адступлення. Параненыя, змарнелыя, галодныя, яны ішлі на ўсход. А многія ісці ўжо не маглі. Такіх мясцовыя жыхары забіралі да сябе, каб падлячыць, вярнуць сілы, уратаваць ад фашыстаў.

   Мікалая Барскага прытуліла сям'я Аксінні Трафімаўны Блізнюк з в. Трыліскі. Жыў ён у яе родзічаў на хутары Смуга. Пасля забойства гітлераўцамі сына Аксінні Трафімаўны Васіля і яе мужа яна з малымі дзецьмі і Мікалай Барскі пайшлі ў партызаны.

   Пасля гібелі Барскага сакратаром падпольнага райкома ЛКСМБ стаў Іван Зубчонак, членамі бюро. былі М. Дакудоўскі, К.Бандарэнка, П.Дайнека, І.Раманаў.

   Іван Раманаў, ураджэнец в. Бібікава Углоўскага раёна Тульскай вобласці, у адным з пісем дадому ў пачатку чэрвеня 1941 г. пісаў, што хутка прыедзе ў водпуск. Але гэта было апошняе пісьмо. Сям'я атрымала паведамленне: чырвонаармеец Іван Раманаў прапаў без вестак у жніўні 1941 г. А ён у гэты час быў на Іванаўшчыне, апынуўшыся ў акружэнні. Потым стаў байцом партызанскага атрада імя С.Г.Лазо. Загінуў пад Трыліскамі, калі група ішла на чарговае заданне.

   Падпольшчыкам было цяжэй, чым партызанам. Асабліва небяспечным было становішча тых, хто па заданні падполля, партызанскага камандавання працаваў у нямецкіх установах, нават у паліцыі.

   А такія былі. Напрыклад, Аляксандр Шпарко, з дапамогай якога 2 сакавіка   1942 г. у рукі партызан трапіла ўся хомская паліцыя (29 чалавек). Потым Шпарко ваяваў у атрадзе імя Яўгена Макарэвіча, быў і кулямётчыкам, і падрыўніком.

   Куды большыя выпрабаванні выпалі на долю Канстанціна Яроцкага з Ляхавіч. Рабочы суднарамонтнага завода ў Пінску, міліцыянер, салдат Чырвонай Арміі. Палон, здзекі, уцёкі.

   Аднойчы ў Ляхавічы прыехаў намеснік каменданта раённай паліцыі Сяргей Бэнда. Пра яго крывавыя справы ведала ўсё наваколле. Калі людзі пачалі разыходзіцца, стараста затрымлівае Яроцкага і рэкамендуе яго намесніку каменданта як чалавека, якога можна ўзяць у паліцыю. Яроцкі згадзіўся. Служыў «шчыра». Ахоўваў маёнтак і спіртзавод у Навашычах. 14 верасня 1943 г. згарэлі сцірты збожжа. Яроцкага, які першым падняў трывогу, спрабаваў арганізаваць тушэнне пажару, павысілі, заахвоцілі, паслалі на службу ў Моталь. Неўзабаве і Сяргей Бэнда пападае ў Моталь камендантам паліцыі. I па-ранейшаму лютуе. Яму партызаны вынеслі смяротны прысуд. Выканаць яго павінен Канстанцін Ігнатавіч. А Бэнда ўжо камендант раённай паліцыі. Але гэта не выратавала яго ад пакарання. Пасля выканання прысуду Яроцкі становіцца партызанам атрада імя Яўгена Макарэвіча, разведчыкам спецатрада В.А.Цвяткова. Потым у складзе Чырвонай Арміі. Загінуў ва Усходняй Прусіі.

   Так жылі, мужнелі ў змаганні з ворагам юнакі і дзяўчаты Іванаўшчыны ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі. Іх слаўныя справы, як і імёны тых, хто не дажыў да светлага дня вызвалення, навечна застануцца ў памяці нашчадкаў.

В.М.Туркевіч.

Памяць: Гістарычны дакумент хроніка Іванаўскага района. – Мн.: БЕЛТА, 2000. - 592 с.:іл

Яндекс.Метрика