Наверх

foto1 foto2 foto3 foto4 foto5
Вы здабылі Перамогу жыцця высокаю цаной
Вайна. Іванаўшчына. Памяць.
У памяці. У сэрцы. У кнігах.
Застаўся ў сэрцы вечны след вайны
Іх подзвігі – нашчадкам запавет

Галерэя баявой славы

djВторая мировая война унесла 50 миллионов человеческих жизней, из них 27 миллионов наши соотечественники.

Telephone: 8 01652 22154

e-mail: ivnbibl@brest.by

Get Adobe Flash player

Медиа урок "Не подлежит забвению..."

"Сново ожили в памяти были живые"

 

   

З 5 чэрвеня 1942 г. будынак сінагогі стаў часовым прытулкам і для дзевятнаццацігадовага Антона Усцімчука з Рудска. Сюды немцы сагналі вялікую групу моладзі. Акрамя Антона з яго роднай вёскі туды было дастаўлена яшчэ 9 юнакоў і дзяўчат, у тым ліку Сяргей Засімовіч, Вера Костра, Соня Засімовіч, Анастасія Геліс і іншыя. Многа моладзі прыгналі з навакольных вёсак.

   Праз некалькі дзён усіх павезлі ў Брэст. Затым групу нявольнікаў з палескіх вёсак даставілі ў Варшаву, адтуль — у Быдгашч. Толькі там іх упершыню пакармілі супам...

   I зноў стукалі колы таварняка, які імчаўся ўсё далей на захад, у невядомасць, і зноў заходзілася ад плачу семнаццацігадовая аднавяскоўка Усцімчука Вера Костра. Сяброўкі нават не суцяшалі яе — у кожнай з іх на вачах былі слёзы.

   Для перагрупоўкі іх выгрузілі ва ўсходнегерманскім горадзе Кройц. Побач з чыгуначным прыпынкам знаходзіўся вялікі лагер для савецкіх ваеннапалонных. Тут былі даўжэзныя баракі, у два рады апаясаныя калючым дротам, умацаваным на 3-метровых бетонных слупах. На палонных было страшна глядзець: адна скура ды косці. «У Шчэціне, пасля медагляду, мы былі накіраваны на работу ў горад Альдам, — успамінае Антон Іванавіч Усцімчук. — Там мы ўпершыню адчулі на сабе сапраўдны цяжар нявольніцтва. У дзённы рацыён нашага харчавання ўваходзіла юшка з буракоў ці бручкі, суп з гароху, 200 грамаў хлеба. Спалі ў бараках на драўлянай стружцы. Падымалі на работу з дапамогай аўчаркі, якую напускаў на сонных людзей наглядчык».

   Працаваць даводзілася басанож, хоць хадзілі ў асноўным па вострым шчэбені, камянях. Толькі потым выдалі драўляныя башмакі — сабо. Многія не вытрымлівалі нечалавечых пакут, уцякалі. Збегла група ў 50 чалавек і з Альдама. У ёй былі многія знаёмыя Усцімчука. Толькі пасля вайны ён даведаўся, што нямногім давялося ўратавацца. 3 усёй групы да вёскі Магільна дабраўся толькі Сцяпан Кіявец, ды і той па даносе паліцэйскіх быў потым схоплены і расстраляны. Забілі фашысты таксама яго маці і сясцёр.

   Пасля гэтых уцёкаў наглядчыкі ўстанавілі жорсткі кантроль. Нявольнікаў перавезлі ў горад Тантаў. Кожнаму выдалі пасведчанне, па якім дазвалялася выходзіць з баракаў на рабочае месца, а таксама так званую працоўную кніжку. Знясіленыя, галодныя працавалі яны на чыгунцы — грузілі вугаль, дошкі, шпалы.

   «Тут я і атрымаў траўму вока, — прыпамінае Антон Іванавіч. — У той дзень забівалі шчэбень пад шпалы. Ад удару кіркай кавалак каменя трапіў прама ў вока. Мяне даставілі ў ваенную клініку, дзе зрабілі аперацыю (убачыўшы маё здзіўленне: аперацыя нявольніку з Савецкага Саюза? — ён працягваў), так, мне сапраўды пашанцавала. I абавязаны я гэтым старому немцу. Як потым я даведаўся, ён быў сацыялдэмакратам. Мне ўвесь час здавалася, што перад намі, савецкімі людзьмі, ён адчуваў сябе вінаватым. Гэтым і адрозніваўся ад іншых немцаў. Як бачыце, былі і сярод іх людзі з душой і сэрцам. А ён вельмі многае разумеў, гэты мудры сівы чалавек...»

   Але нават больш, чым сам факт знаходжання ў нямецкім шпіталі, Усцімчука ўразіла іншае: «Як зараз бачу перад сабой твар маладога аднавокага яфрэйтара, які, узлезшы на бальнічны ложак, парадзіраваў выступленне Гітлера. А на суседнім ложку плачам давіўся сляпы радавы. Усе гэтыя нямецкія салдаты былі з Усходняга фронту, зпад Ленінграда. Наткнуўшыся на гераічнае супраціўленне неўскай цвярдыні, яны станавіліся «відушчымі» ў гэтым шпіталі. Салдаты пачыналі разумець, якога важака прызначыў ім час і які лёс прыгатаваў ім фюрэр. I хоць вайна працягвалася, яны ўжо былі зусім не такія, як у 1941 г. Яны, нямецкія ваякі, многае ўбачылі і пераасэнсавалі. I што характэрна, — працягвае Усцімчук, — немцы станавіліся дабрэйшымі пасля кожнай перамогі Чырвонай Арміі. Пасля Сталінградскай бітвы нам пачалі выдаваць хоць крыху сапраўднага хлеба, а пасля паспяховага правядзення аперацыі «Баграціён» далі карткі на харчаванне, па якіх мы атрымлівалі палавіну пайкі нямецкай жанчыны».

   3 думкай аб Радзіме, аб вяртанні жылі яны, савецкія людзі, вывезеныя ў Нямеччыну. Іх вызвалілі 1 сакавіка 1945 г. А яшчэ дзён праз дзесяць Антон Усцімчук разам са сваім сябрам Сяргеем Засімовічам былі залічаны стралкамі механізаванага батальёна аўтаматчыкаў, які ўваходзіў у склад 9-й дывізіі 2-й танкавай арміі. Іх, як роўных, прынялі людзі, якія з баямі прайшлі ад Волгі да Одэра.

   А.І. Усцімчук удзельнічаў у Берлінскай аперацыі, у захопе і ўзяцці горада Наўэна, што на поўнач ад сталіцы фашысцкага рэйха.

   Службу Усцімчук закончыў на Украіне, адкуль і дэмабілізаваўся. Нядоўга яму давялося ваяваць. Але званне франтавіка ён носіць заслужана, не пасароміўшы яго і ў мірнай працы.

Памяць: Гістарычны дакумент хроніка Іванаўскага района. – Мн.:БЕЛТА,2000. -592 с.:іл

Яндекс.Метрика