Наверх

foto1 foto2 foto3 foto4 foto5
Вы здабылі Перамогу жыцця высокаю цаной
Вайна. Іванаўшчына. Памяць.
У памяці. У сэрцы. У кнігах.
Застаўся ў сэрцы вечны след вайны
Іх подзвігі – нашчадкам запавет

Галерэя баявой славы

djВторая мировая война унесла 50 миллионов человеческих жизней, из них 27 миллионов наши соотечественники.

Telephone: 8 01652 22154

e-mail: ivnbibl@brest.by

Get Adobe Flash player

Медиа урок "Не подлежит забвению..."

"Сново ожили в памяти были живые"

 

   Дакладныя камандавання партызанскай брыгады імя В.М.Молатава, адрасаваныя начальніку БШПР П.З.Калініну, пра баявыя аперацыі брыгады з 10 студзеня па 30 сакавіка 1944 г. і ЦК КП(б)Б аб вывадзе са строю шлюзаў на Дняпроўска-Бугскім і Белазерскім каналах уваскрашаюць старонкі баявых спраў якраз за той час, калі ішлі баі на канале, якія працягваліся больш за месяц. Пра 4 апошнія дні гэтых баёў расказваецца таксама ва ўспамінах М.Сямяхіна, намесніка камандзіра атрада імя С.Г. Лазо.

   Гэтыя матэрыялы далі магчымасць аднавіць падзеі пачатку вясны 1944 г. на тэрыторыі Іванаўскага і суседніх з ім Пінскага, Любяшоўскага, Камень-Кашырскага і Драгічынскага раёнаў, дзе разгортвалася бітва за Днепра-Буг.

   Рака Ясельда на поўначы і Днепра-Буг на поўдні, якія цякуць паралельна з захаду на ўсход і падзяляюць тэрыторыю Іванаўскага раёна на 3 часткі: зарэчную, цэнтральную, заканальную.

   У зарэчнай зоне (вёскі Тышкавічы, Буса) у час вайны былі амаль непраходныя балоты. Да іх прымыкала Спораўскае балота (Бярозаўскі раён). Адсутнічалі трывалыя, надзейныя дарогі, болын былі гаці, па якіх ваенная тэхніка не магла прасоўвацца.

   У заканаллі вёсак больш (Адрыжын, Махро, Залядынне, Карсынь, Смольнікі, Баландзічы, Калена), а мясцовасць такая ж — лясы, балоты, адсутнасць надзейных дарог.

   У цэнтральнай жа частцы раёна пераважаюць палі. Тут добрыя камунікацыі: чыгунка Брэст — Лунінец, вузкакалейкі Парэчча — Іванава, Іванава — Любяшоў (цяпер яны не дзейнічаюць), шаша Драгічын — Пінск, добрыя дарогі Моталь — Іванава, Іванава — Рудск — Кужалічын, Опаль — Моталь — Моладава.

   Партызанам лягчэй і зручней было дзейнічаць і манеўрыраваць у зарэчнай і заканальнай зонах. За Ясельдай знаходзіліся базы атрадаў В.Цвяткова, імя Я.Макарэвіча, а за каналам — брыгад імя В.М.Молатава, Пінскай.

   Калі на чыгунцы, шашэйных і прасёлачных дарогах партызаны наносілі ворагу вялікі ўрон (узрывалі цягнікі, масты, мініравалі дарогі, рабілі засады, завалы на дарогах, перакопвалі іх), то на канале шкодзіць праціўніку было значна цяжэй. I рух па канале быў даволі інтэнсіўны.

   Напрыклад, праз шлюз каля в. Оўзічы ў 1942 г. прайшло ўніз: пасажырскіх параходаў з цывільнымі пасажырамі — 2, параходаў буксірных — 48, параходаў пасажырскіх, якія перавозілі войска, — 32, маторных лодак — 38, экскаватараў (земснарадаў для паглыблення фарватару) — 4, бранвахтаў — 2, баржаў — 38, плытоў — 3. На баржах перавозілі вугаль, вадкае паліва, абозы, зборныя домікі-баракі і інш.

   Уверх прайшло за гэты час: параходаў пасажырскіх з войскамі — 39, параходаў буксірных — 42, маторных лодак — 44, баржаў — 60, экскаватараў — 4, бранвахтаў —5.

   Шлюзы ахоўвалі спецыяльныя каманды так званай зялёнай паліцыі. Кожная каманда складалася з 10—15 чалавек, мела па некалькі кулямётаў. Праўда, лёс зялёнай паліцыі своеасаблівы. На тым жа шлюзе № 3 (Оўзічы) партызан Сяргей Бандарэнка і падпольшчыкі Міхаіл Кананенка і Сяргей Шэйка частку шлюзавай паліцыі перацягнулі на свой бок, частку перабілі. I так было не толькі ў Оўзічах. На ўсіх шлюзах у Іванаўскім і Драгічынскім раёнах да партызан перайшло 118 чалавек са зброяй, у тым ліку з 6 кулямётамі.

   Канал партызанамі быў выведзены са строю. Група Івана Канатопава пашкодзіла шлюзы ў Оўзічах і Дубаі, група Галыбіна — у Ляхавічах, Рагадашчы, Перарубе. Атрад імя А.В.Суворава вывеў са строю Белазерскі канал. Група Бандарэнкі знішчыла тэлефонна-тэлеграфную сувязь на працягу 110 км: слупы спілавалі, дрот забралі. На канал прыбыла аднаўленчая каманда — батальён салдат і 6 ваенных катэраў.  Іх база была ў Патапавічах. Але аднавіць ім нічога не ўдалося: у ноч на 19 чэрвеня 1943 г. атрады імя І.В.Сталіна і імя У.Р.Нямытава завязалі з «аднаўленцамі» бой пад Патапавічамі, а іншыя 3 атрады брыгады імя В.М.Молатава (каля 400 чалавек) адначасова вывелі са строю гідравузлы ў Оўзічах, Перарубе, Селішчанах, Радаставе. Вада на 120 кіламетрах гэтай магістралі ўпала да 30 — 60 см, участак Кобрын — Пінск стаў непрыдатным для суднаходства.

   I тыя 129 суднаў, якія аселі на гэтым участку, у ліпені 1944 г. захапіла Дняпроўская ваенная флатылія.

   У пачатку студзеня 1944 г. савецкія войскі паспяхова наступалі на Ковельскім напрамку. Вялася падрыхтоўка да рашучых баёў па вызваленні Брэстчыны. Партызаны фактычна былі гаспадарамі ў паласе паміж Дняпроўска-Бугскім каналам і ракой Прыпяццю. Нямецкае камандаванне баялася, што партызаны злучацца з наступаючымі часцямі Чырвонай Арміі. Тады яны захопяць чыгунку і шашу Брэст — Лунінец. У сувязі з гэтым немцы ў лютым-сакавіку   1944 г. правялі спецыяльную ваенную Дняпроўска-Бугскую аперацыю.

   Ведала пра гэта і партызанскае камандаванне. Па распараджэнні БШПР была арганізавана групоўка з брыгад Пінскага і Брэсцкага партызанскіх злучэнняў. Агульнае камандаванне ажыццяўляў упаўнаважаны штаба Брэсцкага злучэння маёр П.М.Кавальскі. Партызаны надзейна «асядлалі» канал. На правым флангу (ад в. Любязь да Белазерскага канала) размяшчалася брыгада імя В.М.Молатава, справа ад яе (канал і р. Піна) — Пінская партызанская брыгада, злева (ад в. Бошня да в. Селішча) — брыгады 150-я імя Ф.М.Языковіча, «За Радзіму», імя А.К.Флегантава, а таксама асобныя атрады імя М.А.Шчорса, Р.І.Катоўскага. Падыходы з боку Дзівіна (там, пад Сварынню, быў партызанскі аэрадром) абараняла брыгада імя І.В.Сталіна. Партызанская абарона ўключала на самых важных участках дзоты, бліндажы, хады зносін.

   Сілы праціўніка складаліся з 23-й венгерскай пяхотнай дывізіі (штаб яе быў у Драгічыне) і кавалерыйскага палка ўласаўцаў.

   Партызаны размяшчаліся на зыходных пазіцыях па лініі Селішча — Ляхавічы — Кублік — Белін — Адамова — Оўзічы — Журавок.

   Па днях падзеі развіваліся наступным чынам.

   18 лютага 1944 г. партызанская разведка даводзіць камандаванню звесткі аб сілах і месцах размяшчэння ворага.

   20 лютага быў створаны новы партызанскі атрад імя П.П.Паталаха.

   21 лютага пачалася нямецкая экспедыцыя супраць партызан. Вораг адцясніў невялікія партызанскія загараджальныя групы і выйшаў на бераг канала. Завязаліся жорсткія баі. Задачай немцаў было перайсці канал, заняць дарогі Белін — Мукашын і Зарэчка — Ветлы, каб расчляніць брыгаду імя В.М.Молатава на 3 часткі, пазбавіць яе сувязі з іншымі брыгадамі і знішчыць.

   22- 24 лютага ішлі жорсткія баі на лініі Дняпроўска-Бугскага канала. На ўчастку атрада імя М.Ц.Шыша (камандзір атрада М.М.Папоў) забіта 70, паранена 90 варожых салдат і афіцэраў. Дзоты Юрыя Самаркіна і Мілюшына змагаліся да апошняга байца. Вораг выкарыстоўваў артылерыю, мінамёты. Не дабіўшыся поспеху, немцы прыціхлі. Пачалі рыхтаваць абарончыя рубяжы.

   25 лютага ўсю сваю моц вораг абрушыў на Пінскую брыгаду І.Г.Шубітыдзе ў раёне Вулька-Кужалічынская, Шлапань. Удары наносіліся і з боку Іванава, і з боку Пінска. Брыгада адышла ў бок Любяшова, агаліўшы фланг брыгады імя В.М.Молатава, якой давялося здымаць свае атрады з іншых участкаў і перакідваць іх пад Адрыжын.

   26 лютага праціўнік выйшаў на вузкакалейку Іванава — Любязь, заняў Шлапань, Дольск, Махро. Сюды былі кінуты рэзервовыя сілы партызан: 150-я брыгада імя Ф.М.Языковіча, атрад імя М.В.Фрунзе, брыгада імя І.В.Сталіна. Вораг быў спынены на лініі Глінна — Адрыжын. Фронт як бы стабілізаваўся. Але «лятучыя» групы партызан і партызаны-адзіночкі пранікалі ў варожы тыл, учынялі дыверсіі, мініравалі дарогі.

   3 сакавіка падрыўнікі атрада імя М.І.Калініна Дзёмін і Павел Сянчук узарвалі эшалон з жывой сілай (200 чалавек) і тэхнікай.

   6 сакавіка немцы сіламі аднаго батальёна (600 чалавек ) з Баландзіч пачалі наступленне на Адрыжын і занялі яго. Атрад імя А.В.Суворава вёў бой цэлы дзень, забіта 70 варожых салдат.

   13 сакавіка перайшлі ў наступленне часці Чырвонай Арміі: 160-я стралковая і 38-я гвардзейская дывізіі 70-й арміі 2-га Беларускага фронту на ўчастку Любяшоў — Бароўня.

   17 сакавіка вораг пачаў новае рашучае наступленне на пазіцыі атрада імя М.Ц.Шыша ў раёне в. Зарэчка. Немцы занялі вёскі Хідры, Вялікі Лес і ўклініліся ў лінію абароны атрада імя М.А.Шчорса. Але ўдарамі з флангаў партызаны гэты выступ ліквідавалі, выраўнялі лінію абароны. У гэты час з-за лініі фронту вярнулася група партызан, якую пасылалі туды за боепрыпасамі. 3 партызанамі прыбылі армейскія разведчыкі і радысты. Не маючы магчымасці расправіцца з партызанамі наяўнымі сіламі, нямецкае камандаванне папрасіла падмогі.

   21—23 сакавіка на станцыях Нагор'е, Снітава, Янаў-Палескі выгрузілася 20 эшалонаў варожага войска. Прыбыла дапамога (кавалерыйскі полк) і з Пінска.

   26 сакавіка пачалося апошняе рашучае наступленне немцаў на шырокім участку ад стыку Дняпроўска-Бугскага і Белазерскага каналаў да Вулькі-Кужалічынскай і Шлапані. Выкарыстоўвалася авіяцыя, якая наносіла бомбавыя ўдары не толькі па пазіцыях і акопах партызан, але і па вёсках, што засталіся ў партызанскай зоне. (На шчасце, 28 сакавіка пайшоў густы снег, самалёты зніклі.)

   28 сакавіка брыгада імя В.М.Молатава пачала планавы адыход. Яна заняла новую лінію абароны каля в. Ветлы (Камень-Кашырскі раён, Украіна). Тут партызаны ўступілі ва ўзаемадзеянне з часцямі Чырвонай Арміі.

   29 сакавіка, выкарыстоўваючы авіяцыю і артылерыю, немцы выйшлі на лінію Радастаў — Мукашын, прыціснуўшы партызан і чырвонаармейцаў да Прыпяці.

  30 сакавіка партызаны, чырвонаармейцы і бежанцы (15 тысяч цывільнага насельніцтва) пераправіліся цераз Прыпяць у раён в. Невер. Брыгада імя В.М.Молатава размясцілася ў в. Вялікая Глуша.

   Такім чынам, Дняпроўска-Бугская абарона працягвалася больш за месяц. Планы ворага не ажыццявіліся. А партызаны значна дапамаглі часцям Чырвонай Арміі пры іх наступленні да паўднёвых раёнаў Брэсцкай вобласці. У гэтых баявых дзеяннях вызначыліся многія камандзіры, партызаны, падпольшчыкі-разведчыкі.

   Разведчыкаў па дарозе Іванава — Глінна праводзіў мясцовы хлопец Іван Лагодзіч. Оўзіцкую дарогу вывучалі Іван Берднікаў, Цярэнцій Самелія і партызан з Варацэвіч Рыгор Сыраватка.

   Аддзяленне Уладзіміра Дзелуна з узвода Івана Горына размясцілася ў дзоце, які трымаў пад абстрэлам дарогу на Вульку, Баландзічы, Адрыжын. Дзот немцы не маглі ўзяць і адкрылі па ім агонь з шасціствольных мінамётаў. Загінулі ўсе 7 чалавек з аддзялення Уладзіміра Дзелуна. Каля разбуранага дзота ляжалі 37 трупаў і 22 параненыя немцы. Партызан урачыста пахавалі каля хутара Еўдакіма Клімовіча.

   Застава каля Оўзіч (начальнік заставы Качаткоў) кантралявала падыходы да канала, а сувязь са штабам ажыццяўлялі Іван Дзячок, Сцяпан Руды, Мікалай Лагодзіч, Вікторыя Струк. Каля Адрыжына на заставе Пушкарова храбра ваявалі Леанід Корзун, кулямётчык Казакоў, Віктар Куліна.

   Юрый Самаркін (камандзір атрада імя М.І.Калініна) і пасля ранення застаўся ў дзоце. Ён з 7 партызанамі ўвесь дзень стрымліваў націск цэлага батальёна немцаў.

   Пазней, прыкрываючы адыход атрада, Самаркін быў адрэзаны ад яго, і, застаўшыся з адным узводам у тыле ворага, працягваў наносіць яму страты. Самыя моцныя ўдары вораг скіраваў на пазіцыі атрада імя М.Ц.Шыша. Яго камандзір Мікалай Папоў умела кіраваў у гэтых умовах дзеяннямі партызан.

В. М.Туркевіч.

Памяць: Гістарычны дакумент хроніка Іванаўскага района. – Мн.: БЕЛТА,2000. -592 с.:іл

Яндекс.Метрика