Міхаіл Іванавіч Герасімаў нарадзіўся 20 кастрычніка 1919 г. у в. Старына Валдайскага раёна Наўгародскай вобласці. У 1936 г. закончыў сярэднюю школу ў г. Валдай і паступіў у Ленінградскую лесатэхнічную акадэмію імя С.М. Кірава.
Акадэмію ён не скончыў. У 1939 г. студэнта Міхаіла Герасімава прызываюць у армію. Ён становіцца курсантам палкавой школы, затым старшыной асобнага батальёна 55 - й стралковай дывізіі інжынерных войскаў.
Вайна пачалася для Міхаіла Герасімава з жорсткіх абарончых баёў у прыграніччы, потым было адступленне.
8 ліпеня ён быў цяжка паранены і трапіў у палон. Спачатку знаходзіўся ў лагеры пад Мінскам, затым перавялі ў Кобрын. Цяжкая, знясільваючая праца, голад, здзекі фашыстаў. Рамантавалі масты, дарогі. Мясцовыя жыхары прыносілі палонным ежу. Праз гэтых людзей Герасімаву ўдалося наладзіць сувязі з Мікалаем Шышом і Дзмітрыем Удовікавым. Яны з'яўляліся кіраўнікамі партызанскіх груп, якія вялі барацьбу з ворагам у адпаведнасці са сваімі сіламі і магчымасцямі. Вясной 1942 г. групы аб'ядналіся ў атрад. Адным з напрамкаў дзейнасці партызан была работа па наладжванні ўцёкаў ваеннапалонных.
Палонныя— а ў Герасімава ўжо была група аднадумцаў, якія рыхтаваліся да ўцёкаў— атрымалі з брою ад Шыша і Удовікава. Старанна ўсё спланаваўшы, падрыхтаваўшыся, яны ноччу з 7 на 8 красавіка 1942 г. перабілі ахову і ўцяклі з палону. Яны ўліліся ў атрад Мікалая Шыша, а Герасімаў стаў памочнікам камандзіра атрада. Першыя баі з яго ўдзелам былі каля в. Дзеткавічы, на Дняпроўска- Бугскім канале.
Вясной 1943 г. паводле загаду Пінскага партызанскага злучэння і рашэння Іванаўскага падпольнага райкома партыі была створана партызанская брыгада імя В.М. Молатава. У брыгаду ўвайшлі атрады імя М.Ц. Шыша, С.Г. Лазо, А.В. Суворава.
3 усіх камандзіраў атрадаў, камісараў, начальнікаў штаба па сваіх ваенных, арганізатарскіх, чалавечых якасцях на пасаду камандзіра брыгады найбольш падыходзіў Міхаіл Іванавіч Герасімаў. I ён стаў камбрыгам.
На баявым рахунку брыгады імя В.М. Молатава, якой камандаваў Герасімаў, многа слаўных спраў, напрыклад Любяшоўскі бой, баі на Днепра - Бугу.
Радзіма высока ацаніла баявыя заслугі М.І. Герасімава. Ён быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I ступені, польскім ордэнам Грунвальда II ступені, шматлікімі медалямі.
На ўшанаванне памяці М.І. Герасімава яго іменем названы вуліцы ў г. Іванава і в. Махро Іванаўскага раёна, на будынку Іванаўскага райвыканкома ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
Камбрыг [Тэкст] Памяць: Гістарычна - дакументальная хроніка Іванаўскага раёна.- Мн., 2000. - С. 209 - 211.