19 лютага Дружылавіцкая сельская бібліятэка запрасіла сваіх чытачоў на фальклорнае свята “Жывая вада бацькоўскіх крыніц”, прысвечанае Дню роднай мовы. Вядучая, вучаніца 10 класа Сяглюк Дар’я, Сымон- музыка - Баварчук Сямён - вучань 9 класа, ды гаспадыня Лявоніха на адным дыханні трымалі сабраўшыхся гасцей свята. Усе разам успомнілі забаўлялкі, песні-калыханкі, жарты-перакруткі, гукі-самагудкі, адгадалі загадкі, што прыхаваліся ў чароўным кошыку вядучай, ды жартаўлівыя , што прапанавала гаспадыня Лявоніха. Самыя кемлівыя адгадчыкі атрымалі ад гаспадыні румяны блінец.
А каб паласавацца смачнай бульбачкай, дастаткова было хутчэй за іншых ачысціць яе ад шалупіння.
Прыйшліся да спадобы ўсім дзіцячыя прыпеўкі ў выкананні Баварчук Сафіі, Марчык Яны і Данілік Крысціны, што вучацца ў пятым класе.
З вялікім задавальненнем дзеці гулялі ў народныя гульні “У ката”,“Маша”, “І я”, адгадвалі першую частку прыказкак ды прымаўкак.
У нашых продкаў былі свае звычаі, правілы паводзінаў у сям’і. Некаторых з гэтых правіл прытрымліваюцца і цяпер, а некаторыя пайшлі ў нябыт. I ў нашых гасцей была такая магчымасць пагуляць і прыгадаць гэтыя звычаі.
Падчас гульняў ў вядучай назбіралася шмат фантаў за няправільныя адказы дзяцей. І каб іх ім вярнуць, яны павінны былі іх выкупіць, а для гэтага- выканаць заданні гаспадыні Лявоніхі. Толькі пасля аукцыёна, пачаставаўшыся блінамі ды аладкамі, гаспадыня пажадала ўсім сябраваць з роднай мовай. Акрамя гэтага, цікава прайшоў агляд кніжнай выставы “Звіні,мая светлая, родная мова!”. Са словамі:“Бывайце, бывайце, да новай сустрэчы. Дзеля сустрэч і жывем на зямлі!”,- закончылася гэта сутрэча.