4 лістапада  на сцэне Тышкавіцкага  СДК адбылася  святочная   праграма “Мая зямля, мая старонка”, падрыхтаваная работнікамі  сельскага Дома культуры, бібліятэкі, пярвічнай ветэранскай арганізацыяй. Гэты святочны дзень, дзень ушанавання Іконы Казанскай Божай Маці, тышкаўцы лічаць  другім днём  нараджэння вёскі. А звязана гэта з жудаснымі падзеямі 4 лістапада 1943 года, калі вырашаўся лёс яе жыхароў, сагнаных  немцамі на мясцовыя могілкі для расстрэлу.  За ўсіх жыхароў  ахвяравалі свае жыцці дванаццаць чалавек, а ўсе астатнія вяскоўцы, дзякуючы мужнасці, сіле веры, засталіся жывыя, а сваёй заступніцай і выратавальніцай лічаць ікону Казанскай Божай маці. У гонар яе ў Тышкавічах пабудаваны  праваслаўны храм.

Літаратурная інсцэніроўка па вершы Ніла Гілевіча “А раніцы ўжо не было…”, падрыхтаваная  бібліятэкарамі і старшакласнікамі, нагадала яшчэ раз пра ваеннае ліхалецце,  і падкрэсліла, як важна  захоўваць мір і спакой на зямлі.

Усе жадаючыя мелі магчымаць наведаць выставу-экспазіцыю “Часоў былых і новых сувязь”, аформленую ў бібліятэцы і прысвечаную гісторыі  нашага краю.

Са словамі віншаванняў да ўсіх прысутных звярнуўся старшыня Мотальскага сельвыканкама Піліповіч Сяргей Мікалаевіч. Ён уручыў Дыпломы і  падарункі пераможцам  раённага конкурсу на “Лепшае ветэранскае падвор’е” у розных намінацыях.

Таксама перад гледачамі выступілі:  загадчыца дзіцячага садка “Буслік” Сыса Таццяна Мікалаеўна; дырэктар школы -  Галіна Андрэеўна Бартош; старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі, выдатнік адукацыі РБ, аўтар трох кніг, адна  з якіх пра Тышкавічы, Шпак Іван Сцяпанавіч.

Для вяскоўцаў і гасцей аграгарадка  ў гэты дзень гучалі самыя цёплыя словы падзякі і віншаванняў ад старасты вёскі Зінаіды Ігнатаўны Бартош.

Музычныя падарункі ад самадзейных артыстаў:  вакальнага ансамбля “Журавушка”, выхаванцаў дзіцячага садка, вучняў Тышкавіцкай сярэдняй школы і школы мастацтваў - надалі  ўсім  прысутным  бадзёрасць, аптымізм і добры святочны  настрой.