“Бібліятэка – скарбніца мудрасці”– пазнавальная гадзіна – падарожжа пад такой назвай да Дня бібліятэк была прапанавана Тышкавіцкай сельскай бібліятэкай чытачам сярэдняга школьнага ўзросту.
Вучні разам са сваімі настаўнікамі пазнаёміліся з гісторыяй развіцця бібліятэчнай справы ў Тышкавічах. А пачалася яна ў1949годзе, з адкрыццём хаты-чытальні. Першым загадчыкам хаты-чытальні быў Кандзярэшка Мікалай Васільевіч (1919-1977), ветэран Вялікай Айчыннай вайны. У хаце-чытальні чыталі лекцыі, даклады, праводзілі гутаркі, пісалі і вывешвалі лозунгі ды плакаты, якія заклікалі хлебаробаў паспяхова завяршыць сельскагаспадарчы год.
Цікава было даведацца дзецям, што ў далёкім 1957 годзе фонд кніг хаты-чытальні налічваў толькі больш за тысячу экзэмпляраў.
Зараз бібліятэка, кніжны фонд якой налічвае больш за 12 000 экзэмпляраў кніг, газет і часопісаў, – гэта сучасны інфармацыйны і сацыяльна-культурны цэнтр аграгарадка Тышкавічы. Аснашчаная камп’ютэрам з выхадам у Інтэрнэт, наяўнасць электроннай пошты дазваляюць якасна абслугоўваць чытачоў розных узроставых катэгорый.
Вялікая ўвага надаецца краязнаўчай рабоце. Пастаянна дзейнічае выстава “Часоў былых і новых сувязь”, Галерэя баявой і працоўнай славы нашых землякоў. Аформлены альбомы і электронныя прэзентацыі “Летапіс вёскі Тышкавічы”, “Вусная народная твочасць “, нарыс гісторыі бібліятэкі “Гартаючы старонкі памяці…” і інш.
Духоўная народная культура, якая складалася на працягу многіх стагоддзяў, увабрала мудрасць, вопыт і традыцыі нашых продкаў, беражліва перадавалася з пакалення ў пакаленне, патрабуе і сёння надзвычай уважлівых адносін.