Пад час Калядных Святак сельская бібліятэка аграгарадка Тышкавічы запрасіла сваіх малодшых чытачоў  у займальнае падарожжа па родным краі, прысвечанае Году гістарычнай памяці.

   З дапамогай ілюстраваных кніжак, прагляду пазнавальнага відэафільма “Дзецям пра Беларусь” першакласнікі  і дашкаляты крышачку бліжэй пазнаёміліся з гісторыяй Радзімы, з некаторымі  старажытнымі і новымі гарадамі Беларусі, а таксама помнікамі і славутымі мясцінамі.

   Многія з нас хацелі б пачуць галасы сваіх продкаў, даведацца, пра што думалі, аб чым марылі у старажытнасці пакаленні беларусаў, што яны любілі, чаго баяліся, каго паважалі і што хацелі б расказаць нам, сваім нашчадкам.  Гэта магчыма і дзякуючы старадаўнім тканым і вышытым вырабам, якія захаваліся да нашага часу. У краязнаўчым пакоі бібліятэкі пастаянна дзейнічае выстава-экспазіцыя “Часоў былых і новых сувязь”,  ля якой прысутным  распавялі  пра  мясцовых  народных майстроў, пазнаёмілі з  некаторымі іх вырабамі і даўнімі рэчамі хатняга ўжытку.

  

Калі  ўважліва прыглядзецца да чароўных узораў ручнікоў, то ў іх шмат чаго можна “прачытаць”. А дапаможа ў гэтым кніга “Пасланні ад продкаў. Пра што расказвае беларускі арнамент”, складальнік Коршак Алесь Мікалаевіч. Твор выдадзены у 2017 годзе. Дзеці з цікавасцю разглядамі таямнічы беларускі арнамент, асабліва  узор Дзеда Мароза, Каляду і пеўня, як абаронцу жылля ад нячыстай сілы і інш.

  Прапанавалі чытачам малодшага ўзросту і кнігу Міколы Маляўкі “Сядзіба, або Хата з матчынай душою”, у якой расказваецца, як жылі, працавалі і адпачывалі нашы продкі, якімі  рэчамі гаспадарчага і хатняга ўжытку карысталіся, якую спадчыну пакінулі яны нам, сваім дзецям і ўнукам.

   Пазнаёміцца з гісторыяй краіны, яе прыродай, культурай, знакамітымі суайчыннікамі запрашае і  кніга Людмілы Мінкевіч “Мая Радзіма – Беларусь. Падарожжа па роднай краіне для дзяцей”, а таксама шматлікія ілюстраваныя, вобразныя творы Міхася Пазнякова, Уладзіміра Ягоўдзіка і іншых беларускіх аўтараў.